Таварыства беларускай мовы стварае каталог тавараў і паслуг на беларускай мове

Таварыства беларускай мовы стварае каталог тавараў і паслуг на беларускай мове

Група актывістаў пры падтрымцы Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны стварыла сайт-каталог тавараў і паслуг на беларускай мове.

“Сітуацыя з беларускай мовай на спажывецкім рынку не самая лепшая. Такім чынам мы хочам заахвоціць тых, хто ўжо нешта робіць, ужо выпускае прадукцыю на беларускай мове, а таксама прапанаваць сваю бясплатную дапамогу для тых, хто яшчэ не наважыўся, — тлумачыць палітык Алесь Лагвінец. — Мы апелюем да таго, што так ці інакш, буларускамоўныя жыхары краіны — гэта пэўная частка спажывецкага рынку. Але самае галоўнае, напэўна, тое, што ў любой цывілізаванай краіне, дзе дзве афіцыйна прызнаныя дзяржаўныя мовы, такй сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, няма і быць не можа. Нармальныя, цывілізаваныя правілы гульні на рынку — дубляванне інфармацыі як на адной, так і на другой дзяржаўнай мове”.

На думку Алеся Лагвінца, прапановай дапамагчы перакласці на беларускую мову інфармацыю пра тавар, хутчэй за ўсё, будуць карыстацца замежныя брэнды. Але палітык спадзяецца, што з цягам часу гэта падштурхне і айчынных вытворцаў перагледзець сваё стаўленне.

“Напрыклад, вядомы факт адмовы выкарыстоўваць беларускую мову буйным беларускім вытворцам “Савушкін прадукт”, — працягвае Алесь Лагвінец. — Але я ўпэўнены, што калі мы даможамся таго, каб кампанія Danone пачала выпускаць прадукцыю на беларускай мове, то гэта паўплывае і на паводзіны іншых гульцоў на гэтым рынку. У выпадку з Danone мы будзем дамаўляцца не толькі з беларускім прадстаўніцтвам кампаніі, але і з французскім, бо, думаю, у Францыі разумеюць што такое еўарпейскія нормы і што такое павага”.

У якасці станоўчага прыкладу Алесь Лагвінец прыводзіць буйныя замежныя кампаніі Sаmsung ды McDonalds, беларускія кампаніі “Лідскае піва” ды “А-100”, якія займаюць даволі важкае месца на рынку і беларуская мова ім у гэтым не перашкаджае.

“Пакуль каталог на сайце Nabyvaj.by толькі-толькі ствараецца. Мы пачалі з таго, што было нам даступным. Запрашаем людзей, каб яны дасылалі нам розныя этыкеткі, дапамагалі напаўняць каталог, — кажа палітык. — Бо трэба разумець, што пры такім пасіўным і нейтральным стаўленні дзяржавы, якая існуе сёння, без удзелу людзей, спажыўцоў, якія могуць галасаваць, як сваёй грамадзянскай пазіцыяй так і рублём, гэтая справа з месца не зрушыцца”.

Нагадаем, у сакавіку Таварыства беларускай мовы распачало кампанію “Перакладатон” па перакладзе заканадаўства на беларускую мову. У выніку быў перкладзены на беларускую мовы грамадзянскі кодэкс Беларусі. Цяпер перакладзены іншы закон, які рэдагуецца, і па просьбе дэпутаткі Алены Анісім будзе высунуты на прыняцце ў палаце прадстаўнікоў паралельна з расійскім тэкстам. “У нядаўняй гісторыі гэта будзе нешта новае і, магчыма, гэтая практыка зацверзіцца”, — адзначае Алесь Лагвінец.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі