Топ-5: навіны 23 сакавіка
"Бацька не супраціўляўся, але яго ўсё адно білі". Як затрымлівалі Лагвінца
У Беларусі напярэдадні Дня Волі працягваецца масавая хваля затрыманняў грамадскіх актывістаў. Так, у чацвер затрымалі аднаго з лідараў “Руху за свабоду” Алеся Лагвінца. Палітыка моцна збілі. У выніку да яго ў суд нават выклікалі медыкаў.
Таксама у Мінску затрымалі лідара прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку і кіраўніка руху "Разам" Вячаслава Сіўчыка. Прычым Сіўчыка затрымалі на пахаванні яго дзядзькі. Акрамя іх толькі сёння ў няволі апынуліся яшчэ каля дзясятка чалавек.
Беларуская ўлада "нікога і нічога" не баіцца. Пра гэта на нарадзе па пытаннях грамадскай бяспекі заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым, па словах кіраўніка Беларусі, яго вельмі непакоіць сітуацыя, якая склалася ў краіне на сённяшні дзень. Лукашэнка заявіў, што маштабы небяспекі наўмысна замоўчваюць дзяржаўныя СМІ, каб не сеяць паніку сярод беларусаў.
Акрамя таго, Лукашэнка сцвярджае, што ўлады не збіраюцца запалохваць людзей "напярэдадні некаторых непажаданых падзеяў". Пры гэтым, кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што калі нехта зробіць хаця б маленькі крок у бок ад закона, то будзе пакараны самым жорсткім чынам.
Старшыня камісіі Сейма Польшчы па справах Беларусі Роберт Тышкевіч занепакоены сітуацыяй у нашай краіне. Ён заклікае польскія ўлады неадкладна рэагаваць на арышты актывістаў, якіх затрымалі напярэдадні Дня Волі.
Па словах палітыка, у Беларусі адбываецца самая вялікая хваля рэпрэсій з 2010 года. Дэпутат назваў сітуацыю ў нашай краіне тэстам для Польшчы. З аднаго боку, яна можа заступіцца за арыштаваных, з іншага, зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца і такім чынам даць “зялёнае святло” для новых рэпрэсій у Беларусі.
23 сакавіка ў Мінску прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і дакладчыка Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў нашай краіне Андрэа Рыгоні.
На сустрэчы Лукашэнка заявіў, што Беларусі трэба працягваць дыялог з еўрапейскімі структурамі. Паводле яго слоў, кантакты ідуць па ўсіх пытаннях, якія выклікаюць заклапочанасць у Савета Еўропы.
У сваю чаргу, Андрэа Рыгоні адзначыў адкрытасць Беларусі да дыялогу і "вельмі цёплыя адносіны" нашай краіны з Саветам Еўропы і з ЕС увогуле.
25 сакавіка знакамітая мінская “Чабурэчная”, што знаходзіцца на вуліцы Валадарскага, 9 у Мінску, закрыецца на спецабслугоўванне. Пра гэта распавядаюць супрацоўнікі кавярні.
Нагадаем, 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Трэцюю ўстаўную грамату БНР падпісвалі акурат у будынку, у якім цяпер знаходзіцца “Чабурэчная”. Традыцыйна, вечарам гэтага дня ў кавярні збіраюцца ўсе ахвочыя, каб адзначыць утварэнне БНР.