Трудо разводзіцца, Кітай заахвочвае “шасцёрак” — #ІхНоравы

Увесь свет абмяркоўвае развод канадскага прэм'ера / калаж Улада Рубанава

Увесь свет абмяркоўвае развод канадскага прэм'ера / калаж Улада Рубанава

Палітычная дзейнасць прэм’ера Канады не так хвалявала свет, як навіна пра яго развод з жонкай. Гэта ж на аднаго зайздроснага жаніха стала больш! Ну, і на зайздросную нявесту.

Пра гэта і пра іншыя цікавыя падзеі чытайце ў нашым штодзённым аглядзе міжнародных навін.

А што, калі расстанне Трудо з жонкай — палітычны ход?

Прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо разышоўся з жонкай, былой фотамадэллю Сафі Грэгуар. Прычына разладу ў сям’і невядомая. Нават таблоіды не дакапаліся, што пайшло не так.

Публічных скандалаў не было, абое вельмі цёпла і інтэлігентна гавораць пра шлюб, нават прызнаючыся, што ў сям’і бывалі цяжкія перыяды. Цяпер прэм’ер патлумачыў толькі, што да гэтага складанага рашэння пара прыйшла "пасля мноства шматзначных і складаных гутарак".

Трудо разводзіцца, Кітай заахвочвае “шасцёрак” — #ІхНоравы
Трудо з жонкай Сафіяй знаёмыя яшчэ з дзяцінства і былі ў браку 18 гадоў / Anna Moneymaker, Getty Images

Трудо і Грэгуар знаёмыя са школы. У шлюбе яны пражылі 18 гадоў, і маюць трох дзяцей. Цяпер яны будуць жыць асобна, але час ад часу плануюць разам удзельнічаць у сумесных афіцыйных мерапрыемствах. А перад расстаннем плануюць яшчэ выправіцца на сумесныя вакацыі разам з дзецьмі.

Сафі Грэгуар — былая тэлевядоўца. Як жонка прэм’ера яна займаецца праблемамі жанчын, у тым ліку ахвярамі хатняга гвалту, а таксама факусуе ўвагу на псіхічным здароўі — у яе ёсць фонд падтрымкі хворых на булімію. Гэта нездарма: жанчына ведае, што такое нервовая булімія, яшчэ з маладосці, калі працавала фотамадэллю. Таксама яна выдатная прамоўца.

Развод Трудо — не проста навіна з жыцця селебрыці. Прэм’ер будаваў сваю палітычную ідэнтычнасць у тым ліку на вобразе ўзорнага сем’яніна. Малады — яму 51 год, прагрэсіўны, адукаваны, з прыгожай жонкай і дзецьмі — ну проста прыклад для пераймання. Быў.

Цяпер рэйтынгі Трудо падаюць, і канадцы, нягледзячы на бездакорны медыйны вобраз, лічаць яго ледзь не найгоршым прэм’ерам у гісторыі. У канцы ліпеня ён ператасаваў кабінет міністраў, а цяпер вось заявіў пра перамены ў асабістым жыцці. Ці распазнае электарат гэтыя крокі як гатовасць палітыка да пераменаў і ці дапаможа гэта яму на выбарах 2025 года?

Папа зноў пасыпаў галаву попелам перад ахвярамі царкоўнага гвалту

Папа Францішак прыехаў у Лісабон на Сусветны дзень моладзі, які штогод праводзіцца для каталікоў у розных краінах свету. Гэтым разам — у Партугаліі.

Карыстаючыся высокім апостальскім візітам, партугальцы арганізавалі Папу прыватную сустрэчу з ахвярамі сексуальнага гвалту з боку духавенства. На яе запрасілі 13 чалавек, з якімі жорстка абышліся ў царкве. Вядома ж, іх нашмат больш.

У лютым гэтага года ў Партугаліі апублікавалі справаздачу наконт расследаванняў такіх злачынстваў. Дык вось, за 70 гадоў зафіксавалі каля 5 тысяч выпадкаў выкарыстання дзяцей духавенствам. І, як гэта адбывалася і ў іншых краінах, царкоўная вярхушка хавала злоўжыванні.

Трудо разводзіцца, Кітай заахвочвае “шасцёрак” — #ІхНоравы
Папа Францішак размаўляў з ахвярамі гвалту з боку духавенства ў Партугаліі / VATICAN MEDIA Divisione Foto

Нават пасля таго, як гэты даклад апублікавалі, біскупы адмаўляліся прызнаць адказнасць — звольніць гвалтаўнікоў і выплаціць кампенсацыі ахвярам. З гэтай нагоды адбыўся грандыёзны скандал. Пры тым, што апублікаваныя лічбы, як кажуць псіхіятры з камісіі па расследаванні гэтых злачынстваў, — гэта толькі вярхушка айсберга.

Што ж зрабіў пантыфік? Ён асудзіў страусіную тактыку партугальскіх іерархаў і выказаў шкадаванне, што сексуальныя скандалы “сапсавалі царкву” і выклікалі “адыход ад практыкі веры”.

— Скандалы заклікаюць нас да пакорлівага і пастаяннага ачышчэння, пачынаючы з пакутлівага крыку ахвяр, якія заўсёды мусяць быць прынятыя і выслуханыя, — падсумаваў Папа Рымскі.

Кітайская параноя выклікае занепакоенасць у ЗША

Міністэрства дзяржбяспекі Кітая заклікала грамадзян перадаваць інфармацыю пра шпіёнаў і падазроных асоб уладам. Гэта падобна да лукашэнкаўскага “навокал ворагі”, толькі па-кітайску.

Мэта Кітая – нармалізаваць практыку складання даносаў.

З ліпеня там працуе закон, які пашырае барацьбу са шпіянажам. Ён дазваляе ўладам у межах антышпіёнскай праверкі атрымліваць доступ да дадзеных, абсталявання, інфармацыі пра асабістую ўласнасць.

І дзеля чаго гэта ўсё? Адказвае міністр дзяржбяспекі Чэнь Ісін:

— Самае галоўнае — абарона кіраўніцтва і кіроўнай пазіцыі Камуністычнай партыі Кітая і сацыялістычнай сістэмы з кітайскай спецыфікай.

ЗША асабліва насцярожыліся ад такога спосабу кітайскіх спецслужбаў абараняць свайго правадыра.

— Несумненна, заахвочванне грамадзянаў шпіёніць адно за адным выклікае вялікую занепакоенасць, — заяўляе спікер Дзярждэпартамента Мэт Мілер.

Трудо разводзіцца, Кітай заахвочвае “шасцёрак” — #ІхНоравы
Улады Кітая пякуцца пра тое, каб абараніць свайго правадыра Сі Цзінь Піня, любым коштам / Getty Images

Гэты закон ставіць пад пагрозу дзейнасць замежных кампаній у Кітаі. Ды і ўвогуле замежнікаў. Напрыклад, сёлета быў затрыманы кіраўнік фірмы — вытворцы лекаў з Японіі. Таксама ў траўні на пажыццёвае зняволенне асудзілі 78-гадовага грамадзяніна ЗША з відам на жыхарства ў Ганконгу. На чым базуюцца абвінавачанні ў шпіянажы, улады не кажуць. І гэта толькі асобныя прыклады.

Пры гэтым Кітай увасабляе прымаўку пра “хто парася ўкраў, таму ўвушшу вішчыць” — і сам жа пашырае сетку шпіёнаў. У чэрвені гэтага года, напрыклад, кітайцы размясцілі на Кубе разведвальную базу. ЗША гэтым незадаволеныя, але афіцыйны Пекін усё адмаўляе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі