У Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з'явіўся новы старшыня
У Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) абраны новы старшыня. Ім стаў 35-гадовы Ігар Барысаў з Магілёва, які дагэтуль быў намеснікам кіраўніцы партыі Ірыны Вештард. Справаздачна-выбарчы з’езд прайшоў 11 сакавіка. На пасаду старшыні таксама былі вылучаны Алег Воўчак і Ігар Маслоўскі, але яны свае кандыдатуры знялі.
Радыё Свабода нагадвае, што статут БСДП (Грамады) абмяжоўвае старшынства адной і той жа асобы трыма тэрмінамі па 2 гады. Вештард кіравала партыяй з 2012 года. Пра Ігара Барысава вядома, што ён мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага, свабодна валодае англійскай мовай, працуе менеджарам у прыватнай фірме.