У гродзенскім заапарку наведвальнікі атруцілі зебру
На жаль, прагнозы несуцяшальныя.
Некалькі дзён спецыялісты Гродзенскага заапарка змагаюцца за жыццё самца зебры Бобі. На жаль, кажуць яны, прагнозы несуцяшальныя.
Як паведамляе сайт заапарка, нехта з наведвальнікаў пакарміў жывёлу, і пасля выходных у зебры пачалося ўздуцце жывата. Гэта сведчыць пра моцнае закісанне ў страўніку. Як кажуць спецыялісты, пры гэтым страўнік пачынае раздзімацца ды ціснуць на сэрца і лёгкія. У выніку, жывёла гіне ад удушша.
У такім стане жывёле трэба шмат рухацца. Аднак ветлекары заапарка забараняюць Бобі гуляць на вуліцы, бо асцерагаюцца, што яго зноў пачастуе хто-небудзь з наведвальнікаў.
Дарэчы, зебраў у заапарку кормяць сенам, свежакошанай травой і збожжавай сумессю з дадаткам гародніны. Садавіну ім не даюць зусім. А хлеб зебрам абсалютна проціпаказаны.
Фота: grodnozoo.by