Куды чыноўнікі ездзяць у камандзіроўкі?

За два тыдні да Новага года Міністэрства транспарту атрымоўвае 350 мільёнаў рублёў на замежныя камандзіроўкі. Гэта акрамя тых грошай, што ўжо ўзялі з бюджэту. Куды збіраюцца транспартнікі пад Каляды?

У бухгалтэрыі Мінтранса здзіўляюцца, не разумеюць, навошта СМІ ведаць такія пытанні. Але нарэшце заўважаюць, што грошы выдаткоўваюцца для таго, каб аддаць пазыку.

"…Бо людзі ездзілі за свой кошт. Раней грошай не было ў бюджэце, а цяпер ёсць. У нас транспарт па ўсім свеце ездзіць, дамовы розныя заключаць. А гэта грошы, у якія мы не ўклаліся".

Прэс-сакратар Мінабароны адразу расказвае пра сваю камандзіроўку ў Германію.

"Калі вы сочыце за маімі публікацыямі, я там апісваў маю паездку ў Бундэсвер і як мы гутарылі са Штраўсам Берге ў Акадэміі інфармацыі і камунікацыі з нашымі, так бы мовіць, калегамі. У нас нармальныя адносіны з ўсімі дзяржавамі. Як з Расійскай Федэрацыяй, так і з іншымі краінамі далёкага і блізкага замежжа".

Але ўдакладніць, куды канкрэтна, як часта і колькі грошай даецца на камандзіроўкі ваенным, прэс-сакратар адмаўляецца.

На гэты год Міністэрства гандлю атрымала каля 300 мільёнаў рублёў на замежныя паездкі. А ездзіць у камандзіроўкі сталі значна меней! Бо функцыю "перагаворшчыка" пераклалі на Міністэрства замежных спраў.

"У Расію, вядома, мы ж з Расіяй болей ўсяго і гандлюем", — называюць у Мінгандлю галоўную краіну камандзіровак і заўважаюць, што аддаць функцыю перагаворшчыкаў МЗС было правільна — "у іх жа там гандлёвыя саветнікі, сувязі".

У прэс-службе Палаты Прадстаўнікоў абяцаюць даць поўную выкладку "па выдатках дэпутатаў на замежныя паездкі літаральна на днях". Але вядома пра дэпутацкія камандзіроўкі ў Алжыр і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Паводле слоў спікера Палаты Прадстаўнікоў, бліжэйшым часам дэпутаты збіраюцца ў Сінгапур ды Інданезію.

Шэраг ведамстваў ездзіць за мяжу пачаў меней, чаго не скажаш пра Мінсельгасхарч. Тут у Год беражлівасці бываюць паездкі  і экзатычныя:

“Ва Уганду, і ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, у Новую Зеландыю. Куды скажа кіраўніцтва краіны, туды і едзем. Мы ж трэці донар па экспартнай выручцы ў краіне, таму нічога дзіўнага няма”.

Літаральна адна надзея — на сельскую гаспадарку. Ну, калі адна надзея, дык на гэта ніякіх грошай не шкада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі