У кандыдатаў забралі вакзал, але далі паліклінікі і ВНУ
Як змянілася карта месцаў для збору подпісаў у параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года
Збор подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты пачынаецца ў сераду 23 ліпеня. Мясцовыя ўлады па ўсёй краіне вызначыліся з месцамі, дзе забаронена збіраць подпісы. Еўрарадыё параўноўвае гэтыя абмежаванні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года.
У Мінску, можна сказаць, магчымасцяў для збору подпісаў… павялічылася. У спіс забароненых трапілі хіба толькі Прывакзальная плошча ды падземныя пераходы. Але тут, відаць, мінскія ўлады падцягнуліся да рэгіёнаў, бо сталіца была хіба не адзіным месцам у краіне, дзе пікеты стаялі каля вакзала. Дадаліся ў спіс забароненых месцаў плошча Дзяржаўнага сцяга, дзе людзей у прынцыпе бывае мала, ды плошча Якуба Коласа. Але на пляцоўках каля філармоніі, ЦУМа ці выхадаў з пераходаў збіраць подпісы не забаронена.
“Чаму забаронена збіраць на Кастрычніцкай плошчы? Каб не стаялі каля цэнтрвыбаркама са сцягамі, бо зразумела, што подпісаў там не збяруць. Гэта толькі каб засвяціць сваю сімволіку і структуру, — каментуе супрацоўнік упраўлення ідэалогіі Мінгарвыканкама. — Каля ГУМа таксама ніхто чапаць не будзе, гэта ж праз дарогу ад Нацбанка. Але калі на ганку Нацбанка, то прабачце, гэта ўсё ж орган дзяржаўнага кіравання. І на плошчы Свабоды, думаю, ніхто перашкаджаць не будзе, нягледзячы на тое, што яна пешаходная і там ладзяцца розныя культурна-асветніцкія мерапрыемствы”.
У той жа час сёлета ў Мінску дазволілі пікетаванне каля бальніц, навучальных устаноў, тэлерадыёцэнтра. Раней гэта былі забароненыя месцы. Таксама з’явілася сумнеўная магчымасць пікетаваць у грамадскім транспарце… ва ўсялякім выпадку, у Мінску гэта не забаронена.
Забароны на пікетаванне ў Мінску |
|
Выбары прэзідэнта 2010 |
Выбары прэзідэнта 2015 |
Аб'екты метрапалітэна (за выключэннем тэрыторый падземных пешаходных пераходаў) |
Аб'екты метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, падземныя пешаходныя пераходы |
На тэрыторыі Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі |
На тэрыторыі Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы, плошчы Якуба Коласа |
Менш за 200 метраў ад будынкаў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, телерадыёцэнтра |
Менш за 200 метраў ад будынкаў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь |
Менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла-, энергазабеспячэння, лякарні, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя ўстановы) |
Менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы |
Пікетаванне каля бальніц ды навучальных устаноў дазволілі сёлета і ў Брэсце. Таксама са спісу забароненых там выключылі плошчу Свабоды, праспект Машэрава, вуліцы Леніна, Савецкую, Гогаля, Міцкевіча, сквер імя Іконнікава і гарадскі аўтавакзал. Традыцыйна нельга збіраць подпісы на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Абмежаванне ў 200 метраў да тэлекампаніі “Брэст” пашырылася яшчэ і будынкамі іншых мясцовых СМІ. Нельга сёлета збіраць подпісы і каля культавых будынкаў Брэста.
Забароны на пікетаванне ў Брэсце |
|
Выбары прэзідэнта 2010 |
Выбары прэзідэнта 2015 |
Плошчы Леніна, Свабоды, праспект Машэрава, вуліцы Леніна, Савецкая, Гогаля, Міцкевіча, сквер імя Іконнікава |
Плошча Леніна |
Тэрыторыя дзяржаўнай установы "Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" |
Тэрыторыя дзяржаўнай установы "Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" |
Тэрыторыя філіяла "Аўтавакзал г. Брэста", аб'екты чыгуначнага і воднага транспарту |
На аб’ектах чыгуначнага транспарту |
Менш за 200 метраў ад будынка рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства радыётэлецентра "Тэлерадыёкампанія "Брэст" |
Менш за 200 метраў ад будынкаў, у якіх знаходзяцца арганізацыі, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама радыётэлевізійных перадавальных станцый і радыёперадаючых станцый |
Менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода, цяпло- і энергазабеспячэння, лякарні, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя ўстановы). |
Менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць жыхароў горада (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода- , цяпло- і энергазабеспячэння) |
Менш за 100 метраў ад культавых будынкаў |
У райцэнтры Вілейка да 20 метраў паменшылася адлегласць ад адміністрацыйных будынкаў, што фактычна дало дазвол на пікетаванне ў любым месцы.
“Што такое 20 метраў? Гэта ж бадай што каб не на ганку! — кажа галоўны ідэолаг Вілейшчыны Сяргей Паўлоўскі. — Ды і хто там будзе збіраць каля школы, ці ў двары бальніцы? Хто там ходзіць? Рынкі, цэнтральныя плошчы — вось дзе трэба збіраць, а ў нас там абмежаванняў няма”.
Вось у Віцебску сітуацыя адваротная. У 2010 годзе гарадскія ўлады нават не прымалі рашэння абмежаваць месцы, дзе можна збіраць подпісы. Сёлета ад такога “самадурства” было вырашана адмовіцца. Цяпер у горадзе на Дзвіне ініцыятыўным групам кандыдатаў нельга пікетаваць на тэрыторыі плошчы Перамогі, арганізацый аховы здароўя, на адлегласці менш за 20 метраў ад будынкаў аблвыканкама, райвыканкама, гарвыканкама, адміністрацый раёнаў горада, будынкаў абласных, раённых, гарадскіх пракуратур, упраўленняў унутраных спраў, судоў ды ўпраўлення камітэта дзяржаўнай бяспекі па вобласці.
Але практыка паказвае, што збор подпісаў кандыдаты вядуць пераважна ў Мінску. У тым жа Віцебску ў 2010 годзе першыя пікеты з’явіліся толькі праз тыдзень пасля пачатку кампаніі і да самага канца іх колькасць моцна не павялічылася. Сёлета ва ўсіх апазіцыйных кандыдатаў ініцыятыўныя групы значна меншыя, чым былі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. А значыць і магчымасцяў павялічыць колькасць пікетаў няма. Таму усе гэтыя абмежаванні па раённых ды абласных цэнтрах носяць хутчэй намінальны характар.
Фота: ByMedia.net