У мінскім кінатэатры "Перамога" будуць бясплатна круціць нямецкае кіно

У мінскім кінатэатры "Перамога" будуць бясплатна круціць нямецкае кіно

З 28 верасня цягам пяці дзён у сталічным кінатэатры "Перамога" будуць паказваць нямецкія фільмы ў межах праграмы "Вечары нямецкага кіно: 25 гадоў уз'яднання Германіі". Мінчукі ўбачаць 5 стужак, знятых у апошнія 15 гадоў. Пачатак сеансаў — у 19.00. Уваход на іх будзе вольны, праўда, за гадзіну да сеанса жадаючыя мусяць прыйсці ў кінатэатр і ўзяць запрашальнік. Стужкі будуць ісці на нямецкай мове з рускімі субтытрамі. 
Фільмы распавядаюць пра жыццё і роздумы жыхароў ГДР напярэдадні падзення Берлінскай сцяны.

Паказы пачнуцца з карціны "Жыццё іншых" рэжысёра Фларыяна Хенкеля фон Донерсмарка, які ў 2007 годзе атрымаў "Оскар" як лепшы фільм на замежнай мове. У стужцы распавядаецца пра папулярнага пісьменніка і драматурга Георга Драймана, які заводзіць раман з вядомай тэатральнай актрысай. І ў жыцці Драймана з'яўляюцца спецыялісты са спецслужбаў.

 

29 верасня гледачам прапануецца фільм "Барбара" Крысціяна Петцольда — сярэбраны прызёр "Берлінале-2012". Дзеянне адбываецца ў 1980 годзе. Дзяўчына вырашае, ці збягаць ёй з ГДР. Але ўсё ўскладняе каханне і недавер да навакольнага свету.

 

30 верасня будуць круціць "Знаёмства з Цукерамі" Дані Леві. Галоўны герой у свой час перабраўся ў ФРГ. Ён рос без маці і не прызнае сваё габрэйскае паходжанне. Але з-за завяшчання маці ён вырашаецца на прымірэнне з раднёй і робіць з гэтага фарс.

 

1 кастрычніка мінчукі ўбачаць стужку "Паўночны вецер" Роберта Тальхайма 1988 года. Сёстры з ГДР едуць у спартыўны лагер на возера Балатон у Венгрыю. Там яны знаёмяцца з цікавымі хлопцамі. І адна з сясцёр нават вырашаецца на ўцёкі.

Завершыць серыю нямецкіх фільмаў 2 кастрычніка стужка "Берлін, горад у Германіі". У час, калі падае Берлінская сцяна, галоўны герой сядзіць у турме Брандэнбурга. Калі ў 2000 годзе ён вызваляецца, то бачыць абсалютна новае жыццё. Ён спрабуе знайсці сваю сям'ю і сяброў.

Паводле kaktutzhit.by

Фота: milomilosovic.wordpress.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі