У МУС Літвы распавялі, хто зможа ўязджаць у краіну пасля закрыцця мяжы

У літоўскім пункце пропуску / ELTA

У літоўскім пункце пропуску / ELTA

Калі рашэнне аб поўным закрыцці літоўска-беларускай мяжы будзе прынятае, уехаць на тэрыторыю Літвы змогуць толькі грамадзяне Літвы і ЕС, якія вяртаюцца дадому, дыпламаты, а таксама беларусы — просьбіты прытулку. Пра гэта піша Delfi са спасылкай на паведамленне Міністэрства ўнутраных спраў Літвы.

Беларусы, якія едуць у суседнюю краіну з турыстычнымі або працоўнымі мэтамі, у госці, а таксама транзітам, перасячы мяжу больш не змогуць.

У Дзяржаўнай памежнай службе Літвы адзначылі, што пасля закрыцця памежных пунктаў "Шумскас" і "Цвярачус" 18 жніўня плынь беларусаў, якія заязджаюць у Літву, нязначна скарацілася. Калі да закрыцця пунктаў у жніўні мяжу перасякалі ад 4400 ды 5400 беларусаў за суткі, то пасля 18 жніўня 3900-4400. Беларусы, паводле слоў літоўскіх памежнікаў, едуць часцей за ўсё за пакупкамі. Другая катэгорыя людзей — гэта тыя, хто праз Літву едуць транзітам у іншыя краіны ЕС.

"У Літве ёсць і бытавыя сувязі, сваяцкія сувязі. Частка прыязджае сюды і з аздараўленчымі мэтамі ў санаторыі, але ў параўнанні з патокамі шопераў такіх людзей менш", — адзначыў прадстаўнік літоўскай Пагранслужбы. Значна больш сур'ёзна з закрыццём пунктаў пропуску скарацілася плынь літоўцаў, якія едуць у Беларусь. Іх колькасць зменшылася на 37%.

Нагадаем, літоўскі міністр унутраных спраў Агне Білатайце дапусціла закрыццё яшчэ двух пунктаў на літоўска-беларускай мяжы "Лаварышкес" ("Катлоўка") і "Райгардас" ("Прывалка"). Аднак затым прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў не ператвараць закрыццё пагранпунктаў на мяжы з Беларуссю ў "своеасаблівы спорт", а прэм'ер-міністр краіны Інгрыда Шыманіце паведаміла, што ўрад Літвы найбліжэйшым часам не плануе закрываць новыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі