У паліклініках пазбаўляюцца ад фірмовых асадак і гадзіннікаў

У паліклініках пазбаўляюцца ад фірмовых гадзіннікаў, асадак і бланкаў з назвамі імпартных прэпаратаў. Медыкі кажуць, што гэта быццам бы робіцца з мэтай папулярызацыі беларускіх лекаў і выключэння нават схаванай рэкламы імпартных.

“Гэта пачалося не цяпер, а недзе з сярэдзіны восені мінулага года. Пачалі прыбіраць асадкі, гадзіннікі, стыкеры. Быццам бы гэта робіцца, каб не было нават такой неафіцыйнай рэкламы імпартных сродкаў і папулярызаваць беларускія лекі, каб 50-60% лекаў былі беларускімі. Нам яшчэ ў канцы мінулага года далі буклеты ўсе з беларускімі лекамі, — кажа мне доктар, што працуе ў паліклініцы №1 на вуліцы Сухой. — У нас штомесяц праходзяць праверкі і мы ў цэнтры даўно папрыбіралі ўсё. Здаецца, гэта было зроблена праз рэкамендацыйны ліст з міністэрства”.

Прыбіраюць ці ўжо прыбралі стыкеры з назвамі імпартных лекаў, гадзіннікі і фірмовыя асадкі і ў іншых медыцынскіх установах Мінска.

У паліклініцы №6 дактары прызнаюцца, што ў іх на сценах ёсць гадзіннікі з лагатыпам “Лекфарм”, да прыкладу.

“Здыму са сцяны, заляплю лагатып, бо без гадзінніка працаваць не магу. Як і без асадкі”, — кажа мне доктар-тэрапеўт. 

“Гадзіннік завязу да дачу, а вось што рабіць з асадкамі? Асадка таксама з лагатыпам. Трэба прайсці па кабінетах і праверыць, каб нідзе нічога не было і не вісела”, — кажуць у 1-й паліклініцы.

Пры гэтым выдаткі на канцылярскія тавары для медыкаў скарацілі да мінімуму.

“Мы ведаем, што ў іх ёсць ці быў такі спосаб папаўнення асадак, таму набывалі нейкія стрыжні ў асадкі. Але па мінімуме, мы гэтыя выдаткі скарацілі”, — кажуць у паліклініцы №9 г. Мінска. І гэта калі ўлічваць, колькі за працоўны дзень піша доктар!

Медыкі звязваюць гэтыя патрабаванні з загадам Мінздароўя №196 "Аб прасоўванні айчынных лекавых сродкаў" — загад быў прыняты для таго, каб данесці да дактароў інфармацыю пра з'яўленне на рынку беларускіх лекавых сродкаў.

Міністр аховы здароўя Васіль Жарко, каментуючы загад ведамства, заявіў, што ў Беларусі дастаткова лекаў айчыннай вытворчасці. Пры гэтым, па словах міністра, ніхто не мае права абмяжоўваць пацыента ў выбары лекаў: калі пацыент прывык да нейкіх імпартных лекаў, прымусіць прымаць беларускія доктар не можа.

Жарко: “Калі ў нас няма сваёй вытворчасці, ёсць арыгінальны прэпарат ці джэнэрык замежнай вытворчасці. Яны прысутнічаюць і будуць прысутнічаць. Ніякіх абмежаванняў няма. Але кожны павінен разумець: фармацэўт мусіць даносіць да пацыента, што ў нас ёсць айчынны прэпарат па такой цане, а імпартны — па такой”.

Міністр падкрэсліў, што сярэдняя цана на беларускія лекі — 1,36 долара (і яна не падымалася, калі ў леках не было імпартных складнікаў), а на імпартныя лекі — 4,72 долара. Цана на імпарт застаецца ранейшай, але цэны ў іх у доларах ці еўра. Але па ўздзеянні, па змесце імпартныя і беларускія лекі аднолькавыя, запэўнівае Жарко.   Міністр дадаў, што беларускія лекі праходзяць строгі кантроль. Па словах Жарко, за час яго кіравання міністэрствам у Беларусі не было ніякіх фальсіфікаваных лекаў.

Таксама чыноўнік дадаў, што ў Беларусі выпускаецца 1300 найменняў лекаў, прычым выпуск 400 з іх асвоены за апошнія тры гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі