Удзельнікам акцыі на Дзень Волі ўручаюць “завочныя” пратаколы

Удзельнікам акцыі на Дзень Волі ўручаюць “завочныя” пратаколы

Палітыкі і грамадскія актывісты атрымліваюць складзеныя завочна пратаколы за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі. Такі пратакол быў складзены на сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца. Палітык патлумачыў БелаПАН, што гэты дакумент быў дасланы на адрас яго бацькоў у Віцебску. Пры гэтым пратаколаў было два: за ўдзел у акцыі з нагоды Дня Волі 25 сакавіка і ў пікеце ў падтрымку Надзеі Саўчанка, які адбыўся 21 сакавіка ля расійскай амбасады.

Па інфармацыі Севярынцы, пратакол таксама склалі на грамадскага актывіста Леаніда Кулакова.

Таксама завочны пратакол за ўдзел у шэсці на Дзень Волі склалі на старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку.

Першапачаткова шэсце 25 сакавіка планавалася ад Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці да парка Янкі Купалы, аднак Мінгарвыканкам змяніў маршрут і прапанаваў арганізатарам ісці ад кінатэатра “Кастрычнік” на плошчу Бангалор.

Арганізатары палічылі такое рашэнне гарадскіх уладаў правакацыяй і заклікалі грамадзян сабрацца ля “Кастрычніка” і на месцы вызначыць маршрут шэсця. У той самы час экс-палітвязень Мікола Статкевіч заявіў пра намер ускласці кветкі да помніку Янку Купалу ў аднайменным скверы на знак удзячнасці заснавальнікам БНР, а затым далучыцца да асноўнай акцыі.

Севярынец і Лябедзька прымалі ўдзел ва ўскладанні кветак і выступілі каля яго перад іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі