Украіна папярэдзіла Беларусь за супрацу з "уладамі" Крыма

МЗС Украіны

МЗС Украіны / crimea.suspilne.media

Супраца і падпісанне пагадненняў з акупацыйнымі ўладамі Крыма могуцкь мець наступствы для афіцыйнага Мінска. Бо гэтыя дзеянні дэманструюць прызнанне расійскай акупацыі ўкраінскага паўвострава. З такой заявай выступіў намеснік міністра замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў Фэйсбуку.

Паводле дыпламата, Расія свядома падахвочвае іншыя дзяржавы наладжваць сувязі з часова акупаванымі тэрыторыямі Украіны. Пры гэтым Крэмль зацікаўлены ў падпісанні дакументаў, якія фіксуюць апасродкаванае прызнанне "легітымнасці" расійскай акупацыі.

Украінскаму боку вядома прынамсі пра сем дамоваў, падпісаных рэгіёнамі і гарадамі Беларусі з акупацыйнымі "органамі ўлады" ў Крыме. Паводле Сібігі, толькі ў чэрвені Віцебск і вобласць заключылі пагадненні з акупацыйнымі ўладамі гарадоў Крыма — Сімферопаля і Феадосіі, а таксама "Саветам міністраў" і "Міністэрствам культуры і турызму" Крыма і Сакскім раёнам паўвострава.

Таксама Сібіга згадаў, што быў падпісаны пратакол аб намерах стварыць свабодную эканамічную зону "Віцебск" у акупаваным Крыме. А кіраўнікі Мінскага гарсавета і Мінгарвыканкама падпісалі пагадненні аб супрацы з уладамі Севастопаля.

Украінскі дыпламат мяркуе, што такія пагадненні былі санкцыянаваныя кіраўніцтвам Беларусі. А гэта азначае, што афіцыйны Мінск прызнае расійскую акупацыю Крыма легітымнай.

Сібіга падкрэсліў, што ўкраінскія праваахоўныя органы фіксуюць усе падобныя факты. "Праводзіцца адпаведнае расследаванне, па выніках якога датычныя не застануцца беспакаранымі і будуць прыцягнутыя да прававой адказнасці", — піша ён.

Дыпламат дадае, што службовыя асобы, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і падпісанні такіх пагадненняў, могуць трапіць пад санкцыі не толькі Украіны, але і яе партнёраў.

"Кожнае злачыннае дзеянне супраць украінскай дзяржавы і яе тэрытарыяльнай цэласнасці будзе мець наступствы для суб'ектаў, якія грэбуюць міжнародным правам", — заяўляе намеснік міністра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі