Улады прызналі, што забастоўка на "Беларуськаліі" адбылася
Забастоўка на "Беларуськаліі" адбылася — адміністрацыя прадпрыемства вымушаная была прызнаць гэты факт. Пра гэта ў перапынку судовага пасяджэння, якое 11 верасня адбываецца ў Мінскім абласным судзе, распавёў старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў Сяргей Чаркасаў:
"Бок істца выказаўся, што страйк сапраўды адбыўся, што 18 жніўня было 670 чалавек, якія не прыступілі да працы. Суд спрабуе даведацца, якім чынам гэта ўсё адбывалася і гэтак далей. Апытвалі кожнага з тых, хто ўдзельнічаў".
Пасля прэзідэнцкіх выбараў беларускія шахцёры актыўна ўдзельнічалі ў страйкавым руху. Прыкладна 6-7 тысяч з 13 тысяч шахцёраў падпісаліся ў намеры страйкаваць, але пазней адступілі пад націскам кіраўніцтва. 11 верасня ў Мінскім абласным судзе пачаўся разгляд справы супраць страйкаму "Беларуськалія": суд павінен вырашыць, ці законна адбываецца іх страйк.
У нядаўнім інтэрв'ю расійскім журналістам Аляксандр Лукашэнка сказаў, што з чатырох руднікаў "Беларуськалія" на прадпрыемстве нейкія час не працавала два, і трэці — напалову. Нагадаем таксама, што 21 жніўня Аляксандр Лукашэнка прыгразіў салігорскім шахцёрам, якія бастуюць, што знойдзе ім замену. "Прыедуць з Украіны шахцёры, — гаварыў ён. — Іх мора — беспрацоўных". Кіраўнік Канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў Украіны і Незалежнага прафсаюза гарнякоў Украіны Міхаіл Валынец заявіў, што ўкраінскія шахцёры не паедуць у Салігорск, каб працаваць замест беларускіх забастоўшчыкаў.
— Хачу заявіць: ва Украіне на шахтах неўкамплектаваныя штаты. Шахцёры — гэта адна з самых салідарных кастаў у свеце. І ніхто не збіраецца ехаць у Беларусь і выступаць у якасці штрэйкбрэхераў. І яшчэ: хачу пажадаць гарнякам Салігорска вытрымаць гэты ціск. Вы маеце права на сваё волевыяўленне. Мы не адзін раз ва Украіне аказваліся ў складаных становішчах. Але мы заваявалі сабе гэтае права. Мы можам свабодна выходзіць на мітынгі і на забастоўкі ў любым куточку нашай Украіны. У нас свабодныя выбары. Жадаем вам дамагчыся выканання вашых правоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.