Усе пяць лідараў “Моладзі БНФ” адлічаныя з вучобы
Старшыню Моладзі БНФ Ганну Смілевіч адлічваюць з 2-га курса Інстытута журналістыкі БДУ. Дзяўчына не здала тры іспыты цягам сесіі, фармальна, такая колькасць запазычанасцяў азначае адлічэнне студэнта. Сітуацыя, здавалася б, шараговая ― за правалы ў вучобе пастаянна некага выключаюць. Адметна іншае: 24 снежня 2017 года Ганну абіраюць старшынёй “Моладзі БНФ”, а ўжо 19 студзеня 2018 года яна не здае трэці іспыт у сесіі.
Ці атрымлівалася сумяшчаць палітычную дзейнасць і вучобу ў былых лідараў “Моладзі БНФ”?
Алесь Каліта. Адлічаны, але на некалькі гадоў раней
Першым старшынёй гэтай моладзевай арганізацыі ў 2006 годзе становіцца Алесь Каліта. У яго біяграфіі было адлічэнне з навучальнай установы, але на некалькі гадоў раней. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Алесь быў адлічаны з Магілёўскага політэхнічнага тэхнікума. Далей малады палітык працягваў вучобу завочна.
Франак Вячорка. Адлічаны праз тры месяцы пасля абрання
26 кастрычніка 2008 года старшынёй Моладзі БНФ абіраюць Франака Вячорку. Але за сем месяцаў да гэтага, 18 лютага 2009 года, ён быў адлічаны з трэцяга курса журфака з фармулёўкай “за акадэмічную непаспяховасць”. Падставай для адлічэння стала тое, што студэнт не змог своечасова здаць сесію: у гэты час Вячорка адбываў 15-сутачны адміністрацыйны арышт.
“Мой выпадак адназначна палітычны. Я вучыўся на “выдатна”, мой сярэдні бал быў 8,7 ― у асноўным я меў 8, 9 і 10. Калі мяне пасадзілі на 15 сутак і я вымушана прапусціў іспыт, то гэта стала нагодай, каб пазбавіцца ад мяне на журфаку”, ― узгадвае Франак Вячорка.
Вячорку выключылі за няздачу двух экзаменаў — па стылістыцы беларускай мовы і па рускай літаратуры.
Андрэй Крэчка. Адлічаны, але на некалькі месяцаў раней, чым стаў старшынёй
У кастрычніку 2009 года старшынёй становіцца Андрэй Крэчка. Яго з БДУІР адлічылі за 7 месяцаў да абрання.
Андрэй Крэчка: “16 красавіка 2009 года, ужо на наступны дзень пасля Дня Волі, у мяне пачаліся праблемы: і з КДБ была “размова”, і ва ўніверсітэце пачаліся праблемы… Я паступаў у БДУІР пасля радыётэхнічнага каледжа, адразу на чацвёрты курс. У мяне было шмат прадметаў да залічэння. Універсітэт быў адкрыты да гэтага, такім студэнтам давалі час для даздачы. Але пасля Дня Волі стаўленне кардынальна памянялася: пачалі казаць, што часу для даздачы ў мяне больш няма. Карацей, мне стварылі такія ўмовы, што было проста фізічна немагчыма здаць гэтую акадэмічную розніцу”.
Юрась Лукашэвіч. Праз пяць месяцаў пасля абрання адлічаны за прагулы
Пасля перапынку ў чатыры гады, калі арганізацыя практычна не дзейнічала, старшынёй Моладзі БНФ абіраюць Юрася Лукашэвіча. А праз пяць месяцаў, у сакавіку 2017 года, літаральна за адзін тыдзень Лукашэвічу выносяць адразу дзве пісьмовыя вымовы за прагулы і на падставе гэтага адлічваюць з БДУ. Ці лічыць Юрась, у якога было 30 гадзін пропускаў, што яго адлічэнне ― палітычна матываванае?
“Калі мяне адлічылі, то я яшчэ сумняваўся, можа, адлічылі не з-за палітыкі, а таму, што я дрэнны студэнт. Але прайшоў год, і я ўсё больш упэўніваюся, што гэта было з-за палітыкі. Калі я з іншымі адлічанымі абскарджваў сваё адлічэнне, то мне адзінаму на судзе замест простай адмовы ў задавальненні скаргі далі 15 сутак. Толькі маю новую скаргу ўжо шэсць месяцаў не разглядаюць у судзе і нічога не паведамляюць. Некалькі тыдняў таму я хадзіў аднаўляцца ў БДУ, але мне там проста, з усмешкай сказалі, што аднавіцца нельга”, ― кажа Юрась Лукашэвіч.
24 студзеня на з’ездзе старшынёй Моладзі БНФ упершыню абіраюць дзяўчыну ― студэнтку другога курса Інстытуту журналістыкі БДУ Ганну Смілевіч. Дзяўчына не здала іспыты па “Тэорыі журналістыкі” (адзнака 2 балы), “Мове сродкаў масавай камунікацыі” (адзнака 2/3) і “Прафесійнай этыцы журналістыкі” (адзнаку нават не выставілі). Ганна прызнае, у яе адлічэнні не толькі палітыка вінаватая.
Ганна Смілевіч: “Я не была ідэальна падрыхтаваная. Але і іншыя студэнты маглі адказваць на такім жа ўзроўні, як і я, рабіць памылкі, але ім у выніку ставілі хаця б мінімальны бал”.
Па словах Ганны, выдатніцай яна не была, сярэдні бал мела “6,8”, папярэднія сесіі здала без праблем ― нават пераздачы ніводнай не было. Плануе змагацца за сваё аднаўленне.
“Я не ўяўляю, калі б я вучыўся там далей, як бы я мог сумяшчаць гэтыя дзве рэчы. Лепш за ўсё станавіцца старшынёй арганізацыі пасля таго, як давучыўся”, ― лічыць Андрэй Крэчка.
“Я лічу, што ўніверсітэт ― гэта не толькі адзнакі. І любы ўніверсітэт павінен чапляцца за студэнтаў, якія займаюцца грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Бо менавіта гэта і ёсць сапраўднае жыццё. А адзнакі і акадэмічныя сферы ― гэта толькі частка гэтага жыцця. Гэта тэорыя, якая рыхтуе да сапраўднага жыцця”, ― кажа Франак Вячорка.
Гісторыя сведчыць, што як мінімум лідараў “Моладзі БНФ” трэба абіраць пасля сесіі.