Узроставы цэнз у… бібліятэках! “"Мілага сябра" Мапасана мы падлетку не выдадзім”

Узроставы цэнз у… бібліятэках! “"Мілага сябра" Мапасана мы падлетку не выдадзім”

Міхаіл Сяргеенка распавёў у “Фэйсбуку” гісторыю, якая адбылася ў адной з мінскіх бібліятэк. Дзяўчына-падлетак прыйшла туды ўзяць што-небудзь са Стывена Кінга. Бібліятэкар яе адвяла да патрэбнага стэлажа і сказала: "Вось тут усё, што ў нас ёсць. Вы выбірайце, глядзіце. Калі абмежаванняў на кнізе пазначана не будзе, дык я вам яе выдам".

Давайце разбярэмся ў сітуацыі. Па статыстыцы, беларускі падлетак траціць на кнігі 12 хвілін на дзень. А ў бібліятэку яго ўвогуле не зацягнеш. І тут гэты цуд здарыўся, але… што? Узроставы цэнз?!

Міхаіл нават прызнаецца, што ў яго была думка падысці да дзяўчынкі і сказаць, каб выбірала, што хоча. Маўляў, пасля скажаш мне, а я табе гэтыя кніжкі вазьму на свой абанемент. Гэта як калі падлетак хоча набыць у шапіку цыгарэты і просіць пра гэта дарослага дзядзьку. Але ж тут не цыгарэты, а кніжкі!

 

Узроставы цэнз у… бібліятэках! “"Мілага сябра" Мапасана мы падлетку не выдадзім”

Вершы, якія дзецям чытаць зусім не абавязкова

Тым часам у сацсетках абмяркоўваюць навіну пра тое, як школьніца ў Расіі не змагла набыць зборнікі вершаў Ясеніна, Бродскага і Маякоўскага. Прадавачка аргументавала забарону законам аб абароне дзяцей ад шкоднай інфармацыі. Маўляў, у гэтых паэтаў ёсць вершы, якія дзецям чытаць зусім не абавязкова.

У Беларусі з 1 ліпеня 2017 года працуюць папраўкі да Закона "Аб правах дзіцяці". Згодна з імі, усе медыя, пачынаючы кнігамі і заканчваючы тэле- і радыёперадачамі, павінны маркіравацца знакам узроставай катэгорыі. Ад маркіроўкі вызваляюцца выданні, якія выйшлі да 1 ліпеня 2017 года.

У аддзеле абанементаў Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Мінску Еўрарадыё распавялі, што ў іх працуюць кваліфікаваныя работнікі, якія збольшага ведаюць змест кніг, што стаяць на палічках. Выдаваць ці не выдаваць кнігу падлетку, яны будуць кіравацца, зыходзячы са сваіх ведаў:

"Мы глядзім на кнігу. Нават калі на ёй не стаіць цэнз, мы можам не выдаць яе. Бо ёсць такая класіка, якую нельга чытаць падлеткам у 16 ​​гадоў. Але часам да нас прыходзяць з бацькамі, і тады мы можам запісаць кнігу на аднаго з іх, ці яны кажуць, што дазваляюць узяць такую ​​кнігу свайму дзіцяці.

Мы і раней імкнуліся не выдаваць “такія” кнігі, а цяпер асабліва — гэта ж закон. А закон ёсць закон".

 

Узроставы цэнз у… бібліятэках! “"Мілага сябра" Мапасана мы падлетку не выдадзім”

Як бібліятэкар будзе вырашаць, выдаць кнігу ці не?

"Крытэраў шмат. Напрыклад, можа быць нейкая адкрытая пасцельная сцэна. Адразу вам скажу, што "Мілага сябра" Мапасана мы не дадзім падлетку. Ці вось у Заля ёсць нейкія “такія” рэчы. Мы ж бібліятэкары. Мы ведаем літаратуру".

То-бок падлетку могуць не выдаць нейкую кнігу, спасылаючыся нават не на закон, а выключна на разуменне бібліятэкарам "пасцельных сцэн" і таго, пра што падлеткам чытаць не варта. Гэткае "рэвалюцыйнае пачуццё" бібліятэкара.

У адной з бібліятэк Маладзечна Еўрарадыё распавялі, што ў іх ніколі не адбудзецца сітуацыя, каб чытачу далі кнігу не па ўзросце.

"Усе новыя кнігі, як беларускія, так і расійскія, цяпер прыходзяць з узроставай маркіроўкай. А нават калі на кнізе і няма цэнзу, яе выдача залежыць ад бібліятэкара. У нас працуюць людзі дасведчаныя".

Што кажа закон?

У дзеючай версіі Закона "Аб правах дзіцяці" спіс таго, што лічыцца небяспечным для дзяцей, складаецца з 8 пунктаў. Небяспечнай лічыцца інфармацыя, што выклікае жаданне ўжываць алкаголь, наркотыкі, тытунёвыя вырабы; што заахвочвае да здзяйснення злачынства ці іншай грамадска небяспечнай дзеі; што станоўча ацэньвае злачынства ці ідэалізуе злачынцаў; што зневажае каго-небудзь па этнічнай, нацыянальнай, расавай, сацыяльнай, рэлігійнай, моўнай і полавой прыкмеце; што падтрымлівае або станоўча ацэньвае фізічны, псіхічны і сексуальны гвалт і эксплуатацыю, сексуальныя адносіны з удзелам дзяцей; што заахвочвае да нанясення цялесных пашкоджанняў або самагубства, апісвае сродкі або акалічнасці самагубства; што падтрымлівае звычкі, якія супярэчаць фарміраванню здаровага ладу жыцця; што дыскрэдытуе інстытут сям'і і шлюбна-сямейныя адносіны; нарэшце, што змяшчае нецэнзурныя словы і выразы.

Ці не абсурдна выглядаюць гэтыя забароны? Бо, калі кіравацца імі, забароненымі для падлеткаў мусяць быць:

 апавяданні пра Шэрлака Холмса  за інфармацыю, што выклікае жаданне ўжываць тытунёвыя вырабы і наркотыкі;

— “Адрынутыя” Віктора Гюго, “Маці” Максіма Горкага  за заахвочванне да здзяйснення злачынства ці іншай грамадска небяспечнай дзеі;

 “Робін Гуд”, “Востраў скарбаў”, “Капітанская дачка” — за станоўчую ацэнку злачынства ці ідэалізацыю злачынцаў;

— “Карлсан”, “Гарганцюа і Пантагруэль”  за падтрыманне звычак, якія супярэчаць фарміраванню здаровага ладу жыцця;

— “Ганна Карэніна”  за дыскрэдытацыю інстытута сям'і і шлюбна-сямейных адносінаў;

— вершы Маякоўскага  за нецэнзурныя словы і выразы.

Працягвайце спіс у каментарах!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі