Віцэ-спікер Вярхоўнай Рады: Дзякуем Мінску за пляцоўку, гарбату і дранікі
26 жніўня ў "Прэзідэнт-гатэлі" ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя першага віцэ-спікера Вярхоўнай Рады Украіны, прадстаўніцы афіцыйнага Кіева ў падгрупе па гуманітарных пытаннях трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе Ірыны Герашчанка. Гэта была адмысловая сустрэча ўкраінскага палітыка з беларускімі журналістамі. І таму на яе не пусцілі тых беларускіх журналістаў, якія працуюць на расійскія СМІ.
Ірына Герашчанка чакана пачала сустрэчу са слоў удзячнасці афіцыйнаму Мінску: як за тое, што беларускія ўлады далі пляцоўку для перамоў Кантактнай групы, што “паслядоўна выступаюць за цэласнасць Украіны”. Адначасова палітык просіць Мінск і надалей прытрымлівацца такой пазіцыі.
Ірына Герашчанка: “Мы ведаем, што ў верасні ў Расійскай Федэрацыі праходзяць выбары ў Дзярждуму, і ўкраінскі бок апелюе да ўсіх нашых міжнародных партнёраў, да ўсіх нашых суседзяў з просьбай устрымацца ад таго, каб накіроўваць сваіх назіральнікаў на анексаваныя тэрыторыі — у Крым. Бо Украіна не прызнае выбары, якія адбываюцца на скрадзенай у яе тэрыторыі”.
Па словах Ірыны Герашчанка, сёння для Украіны самае галоўнае — вызваліць з палону ў самаабвешчаных рэспубліках і з расійскіх турмаў украінскіх грамадзян, дамагчыся спынення агню і кантролю над усёй мяжой з Расіяй. Але ж менавіта гэтыя пункты былі прапісаныя ў “Мінскіх дамоўленасцях”, і калі яны амаль два гады не выконваюцца, то які сэнс у далейшых перамовах Кантактнай групы, цікаўлюся ў першага віцэ-спікера.
“Яны не выконваюцца, “Мінскія дамоўленасці”, але яны працуюць. Чаму? А таму, што вельмі дакладна санкцыі супраць краіны-агрэсара — Расійскай Федэрацыі — прывязаныя да “Мінскіх дамоўленасцяў”. Няма выканання “Мінскіх дамоўленасцяў” — дзейнічаюць санкцыі”.
Да ўсяго, кажа Герашчанка, перамовы ў Мінску дапамагаюць вызваляць палонных.
“Шмат хто крытыкуе “Мінскія дамоўленасці”, аднак дзякуючы гэтым вельмі цяжкім штотыднёвым сустрэчам нам за год пачынаючы з чэрвеня 2015-га ўдалося вызваліць каля 80 украінцаў. Тры вызваленыя — з расійскіх турмаў. Гэта добрая ацэнка?”
Сустрэчы альбо самой Кантактнай групы, альбо яе падгруп адбываюцца ў Мінску практычна кожны тыдзень. Як фінансуюцца гэтыя сустрэчы, цікаўлюся ва ўкраінскага палітыка. І як сапраўдны палітык яна ўхіляецца ад канкрэтнага адказу: спачатку кажа, што іх пазіцыя — дыпламатыя каштуе менш за вайну, а потым і ўвогуле дзякуе беларускаму боку за пачастункі.
“Мы ўдзячныя беларускаму боку, які дапамагае нам, частуючы смачнай гарбатай тут, дранікамі. Гэта ўклад беларускага боку, каб мы адчувалі тут ваш клопат”.
А потым жартаўліва скардзіцца на тое, што за два гады так ні разу і не знайшла часу наведаць беларускія крамы. Паабяцала гэта выправіць і абавязкова набыць два беларускія касцюмы — хадзіць на пасяджэнні Вярхоўнай Рады.
Фота Змітра Лукашука