Віцебскія чыноўнікі: “Нам нельга шыкоўных машын. На “конях” ездзім”

На ўсю вобласць — 459 службовых аўтамабіляў. Ці не зашмат, разбіралася Еўрарадыё.

Больш за ўсё Полацкаму раёну — 33 машыны. У Полацкім райвыканкаме такой колькасці аўтамабіляў здзіўлены. Там зараз утрая менш:

“11 аўтамабіляў у нас. Але мы яшчэ чакаем рашэння аблвыканкама — мы падавалі заяву на 11 машын, у нас было 16 машын. Гэта нейкая памылка, я сам падпісваў. Нам столькі машын не трэба! Мо яшчэ аддзел культуры тут, аддзел адукацыі, бальніцы?”.

Агульнымі намаганнямі ў Полацкім райвыканкаме ўспамінаюць, што ёсць яшчэ і сельскія выканкамы! Выйсце знойдзена:

“А так! Вы правільна сказалі! Вы сказалі сельвыканкамы — і я ўспомніў, што ў нас жа яшчэ 17 сельскіх выканкамаў! Атрымліваецца — 33 машыны”, — нарэшце вырашаюць задачу ў райвыканкаме.

Атрымліваецца, колькі папрасілі машын — столькі аблвыканкам і даў!

Найменш належыць мець Лёзненскаму і Расонскаму раёнам — па 16 легкавікоў. У Лёзне пра рашэнне губернатара яшчэ не ведаюць — яшчэ не было адпаведнай паперы.

Падлічваюць, што ў аўтапарку толькі 11 машын, а разам з сельвыканкамамі — 18. Трэба будзе паменшыць на дзве!

“Мо будзем у калгасы аддаваць, звычайна мы так і робім. Гэта ж нармальныя машыны, на хаду. У калгасах катастрафічна не хапае службовых машын”.

У Лёзненскім райвыканкаме кажуць, што аўтапарк даўно пара абнавіць:

“Старыя машыны. Нават УАЗік ёсць, ВАЗы таксама. Самая крутая? Мо Toyota, якую цэнтралізавана закуплялі. Ну вы ж ведаеце, нам нельга шыкоўных машын. На "конях" ездзім”.

Еўрарадыё: На конях?

Лёзненскі райвыканкам: “Ну на Samand беларускіх. Мы іх канямі называем”.

У Гродзенскім аблвыканкаме пра рашэнне суседзяў абмежаваць колькасць службовых аўтамабіляў не ведаюць. А ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце на простае пытанне пра службовыя аўтамабілі чамусьці злуюцца і спасылаюцца на службовую аўтамабільную таямніцу.

У Гомелі кажуць, што параўноўваць, у якой вобласці аўтамабіляў болей, некарэктна: усё залежыць ад апарату выканкама, колькасці школ, бальніц, урэшце нават ад плошчы вобласці. Але дадаюць, што канкрэтна па іх аблвыканкаме аўтамабіляў нават меней за норму:

“Павінна быць 24, а ў нас 18!”.

Для службовых паездак тут збіраюцца… арандаваць аўтамабілі.

“Думаю, гэту ідэю будуць пераймаць іншыя вобласці”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі