"Вярніце Косцю": навучэнцы спартшколы хочуць вярнуць трэнера, забранага ў войска

"Вярніце Косцю": навучэнцы спартшколы хочуць вярнуць трэнера, забранага ў войска

Навучэнцы магілёўскай дзіцяча-юнацкай спартовай школы №1, якія займаюцца тэнісам, засталіся без трэнэра. Канстанціна Цвяткова забралі ў войска. Каб звярнуць увагу на тое, што іх няма каму вучыць, юныя спартоўцы зладзілі флэшмоб. Фатаздымкі з яго з'явіліся ў сацсетках, перадае Радыё "Свабода".

13 дзяцей сфатаграфаваліся з заклікамі "Вярніце трэнера" або "Вярніце Косцю". Па словах бацькоў, дзеці самі дадумаліся да такой акцыі. Яны абураныя, што трэнера забралі перад самым летнікам. Першыя заняткі ў летніку з юнымі тэнісістамі праводзілі спецыялісты па цяжкай атлетыцы і настольным тэнісе.

Кіраўніцтва ДЮСШ №1, у якім працуе трэнер, скардзіцца, што спецыялісты па тэнісе ў Магілёў не едуць, бо там няма крытых кортаў. Трэнера, забранага ў салдаты, яны спрабуюць вярнуць. Кіраўніцтва школы пісала заяву ў ваенкамат, каб яму далі адтэрміноўку хаця б на чэрвень, калі працуе летнік.

Бацькі юных спартоўцаў баяцца, што аддзяленне тэнісу ў спартшколе могуць зусім зачыніць.

Канстанцін Цвяткоў скончыў Магілёўскую вучэльню алімпійскага рэзерву па спецыяльнасці трэнер тэнісу. Доўга шукаў працу. У спартшколе пачаў працаваць хлопец з верасня 2017 года. Заробак у яго не дацягваў да 400 рублёў. Летась у хлопца памерла маці.

У ваенкамаце, як перадае "Свабода", трэнер трапіў у спісы "ўхілістаў": нібыта ён не з'явіўся ў ваенкамат па позве. Да Цвяткова прыехалі з міліцыяй, цяпер ён служыць у Печах. У войска яго забралі, не паведаміўшы ў ДЮСШ №1, дзе ён працаваў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі