"А я ўзяла і ўсіх выкрасліла"

"А я ўзяла і ўсіх выкрасліла"

На Грушаўцы людна — сем'ямі ды па-суседску беларусы ідуць галасаваць. У кішэнях часта паперкі, дзе напісаны нумар участка, на які трэба з'явіцца. Ля школы №60 гучаць... The Beatles, а з самой школы сярод іншых літаральна вывальваецца мужчына ў саламяным капелюшы — відаць, затрымаўся ў мясцовым буфеце.


"Я люблю прыходзіць у дзень галасавання. Мы, людзі майго ўзросту, прывыклі да выбараў і любім гэтае свята, і абавязкова галасуем — я яшчэ ніводныя выбары не прапусціла. Наша жыццё змяняецца ў лепшы бок, і гэта відавочна ўсім", Валянціна Пятроўна ўражвае сваёй непасрэднасцю. 

Як ні дзіўна, але сярод тых, хто ў нядзелю няспешна ідзе на выбарчыя ўчасткі, у асноўным пенсіянеры. Падавалася б, яны мусілі прагаласаваць датэрмінова, але большасць кажа, што няма куды спяшацца, таму ідуць "тады, калі паложана".


"Датэрмінова не прыйшла, таму што хацела пабыць на ўчастку, паглядзець, як галасуюць людзі, гэта першае, — рапартуе Еўрарадыё Раіса Васільеўна з кійком, яе прывялі на ўчастак дзеці. — Па-другое, прыйшла на выбары, таму што я вельмі люблю Лукашэнку. Люблю яго да вар'яцтва і думаю, што лепшым за яго ніхто не будзе. Таму ўстала з пасцелі і пайшла".

 

"А я ўзяла і ўсіх выкрасліла"
Раіса Васільеўна

Жанчына перакананая, што лепшай краіны, чым Беларусь, у свеце проста няма: 


"За 20 гадоў у Беларусі ўсё змянілася — сам выгляд гарадоў змяніўся: і спартыўныя будынкі, і адміністратыўныя будынкі, чыстата, парадак. А ў параўнанні з тым, як я жыла, галадала, то цяпер жыві і радуйся. Пенсія ў мяне амаль 4 мільёны, і мне хапае. Нам усе зайздросцяць..."


Моладзь дыфірамбы ўладзе не спявае. Сціплыя муж з жонкай кажуць, што прыйшлі сёння таму што хацелі прагаласаваць усёй сям'ёй. А вось Жэня, які прагаласаваў з маленькай дачкой, мяркуе, што няма асаблівай розніцы калі галасаваць:


"Бо калі ёсць жаданне зрабіць нейкія фальсіфікацыі, іх можна зрабіць у любы дзень: датэрмінова, пазней, уначы... Але свой выбар я зрабіў менавіта сёння. Што тычыцца нашай будучыні, калі не ўлічваць аднаго чалавека, патрабуюцца яшчэ каласальныя высілкі па выхаванні саміх людзей. Трэба ламаць псіхіку людзей у нармальны бок — гэта жорсткая фраза, але, напэўна, правільная".

 

"А я ўзяла і ўсіх выкрасліла"

Сярод мінакоў у школьным двары сустракаюцца і бацькі, якія не галасуюць — "бо няма сэнсу", але прывялі сваіх дзяцей на канцэрт, які вось-вось пачнецца.


"Я пазней прагаласую. Учора не пайшла, таму што не хачу быць заўчасна прагаласаваўшым насельніцтвам, то бок, не хачу быць як усе. Не прыйдзеш — будзе фальсіфікацыя, прыйдзеш — будзе фальсіфікацыя. Таму лепш прыйсці ў дзень выбараў, хаця б буфетам скарыстацца", — смяецца Наталля і лічыць, што “абсэнтыізм (паводле Вікіпедыі — ухіленне выбаршчыкаў ад удзелу ў галасаванні на выбарах або, у больш шырокім разуменні, палітычныя паводзіны, якія характарызуюцца бяздзейнасцю, то бок, ухіленнем ад якога-небудзь палітычнага ўдзелу, але галоўным чынам маецца на ўвазе ўхіленне ад сваіх прамых электаральных функцый) — гэта ўвогуле дурная ідэя, бо яе разумее толькі думаючая частка насельніцтва, а такіх у Беларусі — меншасць".


"А я ўзяла і ўсіх выкрасліла", — крычыць на ўвесь калідор дзіцячага садка на вуліцы Берута бабуля. "Ну і дурная", — кажуць ёй сяброўкі, але бабуля махае рукой і застаецца пры сваім меркаванні.

 

"А я ўзяла і ўсіх выкрасліла"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі