Як даведацца ўзровень радыяцыі звычайнаму чалавеку
Там дзе раней быў аўтаінфарматар "Радыяцыйны гамафон" цяпер — банк: "Мы толькі праз СМІ інфармуем".
Пажар каля Чарнобыльскай АЭС ва Украіне заклапаціў грамадства і ў Беларусі. Не дзіва, бо падчас аварыі 29 гадоў таму менавіта тэрыторыя нашай краіны пацярпела ад радыяцыі найбольш.
Але як даведацца радыяцыйны фон у момант калі існуе небяспека, напрыклад, калі я ў Гомелі, недалёка ад украінскай мяжы. Праз Гомельскі гарвыканкам даведваемся пра аўтаінфарматар "Радыяцыйны гамафон", куды можа звярнуцца "кожны жадаючы".
"Банк вітае вас", — адказвае "аўтаінфарматар".
У адміністрацыі гарвыканкама накіроўваюць у прыёмную Гідраметэацэнтра.
"Такога кароткага нумару, каб даведацца фон, цяпер няма, — тлумачаць у адміністрацыі горада. — А калі ён знік — невядома, ніхто не цікавіўся да сёння".
Не могуць падказаць, як даведацца пра радыяцыю ў краіне, калі ты не журналіст, і ў цэнтры па кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Працуюць толькі са СМІ.
"Вакол усіх атамных электрастанцый у нас ёсць датчыкі. якія аўтаматычна вымяраюць гамафон і перадаюць нам, — супакойваюць у цэнтры. — Яны даюць інфармацыю па абласцях, якая даводзіцца да кіруючых органаў. Гэтую інфармацыю мы даём у СМІ. Ёсць таксама прагноз надвор'я і тое, як ён уплывае на здароўе".
Але для шараговага грамадзяніна, які раптам зацікавіўся радыеактыўным фонам у Гомелі, кантактаў няма. І гэта ў краіне, дзе ідзе будаўніцтва новай АЭС!
На сайце Мінпрыроды знаходзім інфармацыю пра узровень радыяцыі за 23 красавіка. Але нарэшце атрымліваем два нумары, па якіх дзяжурны можа паведаміць узровень радыяцыі: мінскі і гомельскі. На пошук нумароў урэшце губляем каля трох гадзін. Напрыклад, тэлефон дзяжурнага ў Мінску, які можа паведаміць узровень радыяцыі: 267-55-70. Таксама ўзровень радыяцыі можна адсачыць тут.
Фота: habrastorage.org