Як міліцыя правярала тэндар, дзе кошты ў 4 разы вышэйшыя за маскоўскія

Год таму Еўрарадыё апублікавала журналісцкае расследаванне пра мантаж “залатых апораў” у Мінску ля “Чыжоўка-Арэны”. Справа была перад чэмпіянатам свету па хакеі, грошай у тую пару асабліва не шкадавалі. Дзяржаўнае прадпрыемства Мінскрэклама аб’явіла тэндар на мантаж металічных апораў, якія трэба было ўкапаць паабапал шашы і нацягнуць паміж імі рэкламную расцяжку. Усяго ўсталявалі тры такія канструкцыі.  

У тэндары перамагло Спецыялізаванае будупраўленне №4 — таксама дзяржаўнае прадпрыемства. Цікавостка была ў тым, што, паводле афіцыйных дакументаў, Мінскрэклама бралася заплаціць за мантаж кожнай апоры (усяго іх было шэсць) 45 мільёнаў рублёў (на той час каля 4,5 тысячы долараў). Сума падавалася завышанай. Да прыкладу, мантаж мачты, на якую мацуецца ліхтар для асвятлення дарогі, абыходзіўся на той час у суму, не большую за 2 мільёны.

Еўрарадыё звярнулася ў расійскую кампанію “ЭнергоКом”, якая таксама займаецца мантажом рэкламных апораў. Замежнікі пагадзіліся выканаць такую самую работу ў цэнтры Масквы за грошы, у 4 разы меншыя, чым “Мінскрэклама”. Падчас падрыхтоўкі расследавання высачэзную аплату за мантаж апораў замоўца патлумачыў “пастаяннай ветравой нагрузкай”. Калі ж Еўрарадыё папрасіла “Мінскрэкламу” дэтальна абгрунтаваць высокую суму, то гэта зрабіць адмовіліся, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу.

Кампетэнтныя праваахоўныя органы пасля таго матэрыялу ўзяліся праводзіць праверкі. Зразумела, што выкладзеныя на Еўрарадыё факты выклікалі здагадкі пра магчымую карупцыю.

Інфармацыю аб праверках хавалі ад грамадства?

Інфармацыя датычна міліцэйскай праверкі не разгалошвалася ўвогуле.

Толькі напрыканцы траўня ўжо Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў Еўрарадыё пра запланаванне ўласнай праверкі. Праўда, сёлета ў пачатку студзеня прэс-сакратар КДК Беларусі Кірыл Данілаў сказаў, што “праверка не завершаная”. Іншай інфармацыі ад ведамства дабіцца не ўдалося. Хоць, здавалася б, у такой дробнай справе, як усталяванне шасці металічных слупоў,  прафесіяналы маглі б разабрацца за якія пару дзён.

Каб даведацца хоць нешта, Еўрарадыё давялося наўпрост звяртацца да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка, які апошнім часам шмат выказваецца наконт барацьбы з карупцыяй.

У аўторак 14-га красаіка Генпракуратура грунтоўна адказала на запыт Еўрарадыё.

Аказваецца, Упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама праводзіла праверку ў хуткім часе пасля апублікавання расследавання пра “залатыя апоры”. А 16 траўня было “абаснавана прынята рашэнне аб спыненні праверкі”. 

“Па сканчэнні выканання работ быў аформлены і падпісаны акт здачы–прыёмкі выкананых работ. Кошт фактычна выкананых работ склаў 177.928.666 рублёў (для параўнання, па выніках тэндару ён складаў 270 711 325 рублёў, — Еўрарадыё)”, — сказана ў дакуменце, які падпісаны начальнікам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў сферы эканомікі Алегам Карпіенем.

То бок па факце атрымалася на 93 мільёны менш.  Проста фантастычны, нечуваны і гераічны  клопат “Мінскрэкламы” аб дзяржаўным бюджэце! Але з чаго гэта сума на адну траціну скарацілася? Няўжо прафесіяналы адразу не маглі адэкватна яе вылічыць? На гэты конт Генпракуратура паведамляе:

“Змяненне коштаў на будаўніцтва выклікана змяншэннем заработнай платы рабочых, змяншэннем коштаў на эксплуатацыю машын і механізмаў, змяненнем коштаў на іншыя параметры…”

І хоць у пачатку вясны 2014-га ніякіх катаклізмаў ці ўмацаванняў з беларускай эканомікай не адбывалася, версіі пра татальнае зніжэнне коштаў праваахоўнікам чамусьці было дастаткова. Падкрэслім, калі расследаванне пра “залатыя апоры” рыхтавалася да публікацыі, ні ў “Мінскрэкламе”, ні ў СБУ №4 такую версію Еўрарадыё і блізка не прапаноўвалі. Усплыла яна ўжо пасля выхаду скандальнага матэрыялу.  

Але нават пры кошце ў  177928666 рублёў, калі верыць у гэту лічбу, мантаж адной апоры абышоўся ў прыкладна 29,7 мільёна. Гэта ўсё адно амаль утрая больш, чым у Маскве.

Такім чынам, гісторыя пра “залатыя апоры” можа сведчыць ці пра карупцыю, ці пра растранжырванне бюджэтных грошай, ці пра тое, што пры нізкіх заробках Мінск па цэнах пераўтвараецца ў Нью-Ёрк.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі