Як мінчукі купляюць кветкі (ФОТА)
“Мне не букецікі, мне па кветачцы падлічыце, трэба… 11 штучак, я на працу іду”.
У пераходзе да чыгуначнага вакзала, а таксама на Прывакзальнай плошчы — дзясяткі прадаўцоў кветак.
Тут прадаюць цюльпаны, герберы, альструмерыі — па 15-20 тысяч рублёў за кветачку. Мужчыны набываюць таксама беларускія ружы — ад 20 000 за ружу, зрэдку прадаюць мімозу — ад 20 000 за галінку.
“Вось герберы купляйце! Ведаеце, як праверыць, ці свежая кветка? Трэба націснуць на сцяблінку — яна павінная быць цвёрдай. Калі мяккая ці цячэ сок — усё, даўно зрэзалі, і стаяць кветка не будзе”, — за секунду тлумачыць мне хітрыкі пры выбары кветак прадавачка гербераў. Яна гандлявала і ў мінулым годзе, кажа, што букецікі яны з калегамі рабілі да ночы. Затое 7-8 сакавіка іх размялі цалкам. Сёлета гандаль ідзе не так бойка. Прадавачка спадзяецца на суботу і нядзелю — тады дакладна будуць браць усе і многа.
“Колькі вам кветак? Сфоткайце мяне! Вазьміце букецік. Ружы можна на іншыя святы дарыць, а 8 сакавіка, мужчына, я вам кажу, трэба дарыць цюльпаны. У мяне гандаль добры — тры букецікі за 20 хвілін бяруць”, — заахвочвае прадавачка да пакупкі кветак.
Паміж радамі часта праходзяць міліцыянеры: правяраюць дакументы, дазвол на гандаль, выганяюць прадаўцоў, якія стаяць у пераходзе, наверх — на Прывакзальную плошчу.
Тыя цягаюць цэбры ды каробкі з кветкамі туды-сюды: як толькі міліцыя знікае — яны перабазуюццца ўніз — дзе цяплей і дзе большы гандаль.
“Пэўна, гэта “ДорОРС” на нас скардзіцца — гэта іх тэрыторыя. Яны ружы прадаюць, а мы цюльпаны. І ўсе бяруць кветкі ў нас, атрымліваецца, мы ім канкурэнты сёння. Мінганлю не было, а вось міліцыя ўжо трэці раз нас тут ганяе”, — расказвае мне ІПэшніца, ў якой “кропка” з цюльпанамі.
Пакупнікоў шмат, збольшага мужчыны — бяруць адразу па некалькі букецікаў.
“Мне не букецікі, мне па кветачцы падлічыце, трэба… 11 штучак, я на працу іду”, — просіць мужчына ў прадавачкі. За 11 штучак мужчына аддасць 165 000 рублёў.
Студэнт Дзмітрый кажа, што яшчэ будзе віншаваць сваіх дзяўчат, але ж крызіс, таму фантазія без грошай не працуе.
Аляксандра гэтая пазіцыя здзіўляе:
“Хіба крызіс — перашкода для добрых слоў? Мы салодкі стол накрываем, кветкі дорым, кампліменты гаворым”, — Аляксандр якраз спяшаецца на працу — павіншаваць калег.
Насця працуе ў краме адзежы. Кажа, што змяніла трэцяе месца працы, але на ўсіх месцах мужчын было мала, і першае свята вясны праходзіла спакойна — дзяўчаты адна адну павіншуюць і хопіць.
“Мы не будзем віншаваць нашых жанчын, — катэгарычна заяўляе мне Станіслаў, ён працуе ў БДУ. — Мы ўжо павіншавалі: салодкі стол накрылі, падарылі кветкі”.
Яшчэ адна Анастасія праходзіць практыку ў Міністэрстве фінансаў, кажа, іх ужо павіншавалі.
“Кампліменты, добрыя словы. Вось адпусцілі з працы раней. Нас так павіншавалі”, — усміхаецца Насця.