Як перажыць "стомленасць ад гвалту" і не пасварыцца з усімі запар?

Замкнёны ў сабе чалавек​ / unsplash.com
Замкнёны ў сабе чалавек​ / unsplash.com

Як перажыць "стомленасць ад гвалту" і не пасварыцца з усімі запар? Тыя, хто з'ехаў, спрачаюцца з тымі, хто застаўся: ці нармальная гэта з'ява? На гэтыя пытанні адказаў прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук у эфіры Еўрарадыё.

Дыскусія паміж тымі, хто з'ехаў, і тымі, хто застаўся, — нармальна ці не?

"Ненармальна" — гэта зразумела. Мы жывём у экстрэмальнай сітуацыі. Гэта не тое грамадства, у якім грамадзяне жывуць у вызначанасці. Калі яны ведаюць, чаго чакаць заўтра. А гэта ж сістэма, якая знаходзіцца ў стане "кагнітыўны дысананс". Жывём жа мы ў ненармальных умовах. Гэта і прыводзіць да росту напружання. Унутранага напружання. Людзі стамляюцца, людзі прывыкаюць да адных і тых жа тэм.

Зноў-такі, магчымасці псіхалагічнага выплеску праз тое, што яны знаходзяцца ў ізаляванай прасторы, — няма. А напружанне выкідваць кудысьці трэба. Вось чаму нават такі просты трыгер раптам выклікае эмацыйны выбух. Ну і далей — палярызацыя.

Как пережить “усталость от насилия” и не поссориться со всеми подряд?
Чыгуначны вакзал у Мінску / Еўрарадыё

Мясцовыя, мы, якія сяк-так тут жывуць, у рамках пастаяннага жыццёвага экстрыму ўжо адаптаваліся. Чалавек — істота досыць цікавая, таму што ён можа адаптавацца да чаго хочаш. Да самых складаных абставін. Але тыя самыя працэсы ідуць і там. Людзі, якія знаходзяцца за межамі краіны, пачынаюць адчуваць дыскамфорт: хтосьці адаптаваўся сяк-так, а хтосьці так і не адаптаваўся.

Стомленасць людзей ад гвалту: зварот да людзей, да блізкіх, да тых, хто падтрымлівае

З посттраўматычным стрэсавым расстройствам вельмі няпроста справіцца. Збоку вы не зразумееце, што перажывае чалавек. Але адзінае рашэнне — змена рэальнасці. Дапамажыце гэтаму чалавеку прыйсці да вельмі важнага: што жыццё працягваецца і ў гэтым жыцці не толькі такая трагедыя.

Дапамажыце яму звязацца з гэтым жыццём. А дапамагчы звязацца з гэтым жыццём можна толькі праз вас. Праз рэальныя ўзаемаадносіны. Размаўляйце з ім, пераключыце яго ўвагу. І калі ў вас гэта атрымаецца, гэта будзе ваш асабісты мікраподзвіг.

Таму што праблема гэтых людзей — гэта адзінота, інкапсуляванне ад навакольных. Але і выйсце з гэтай сітуацыі — толькі зварот да людзей, да блізкіх, да тых, хто падтрымлівае.

Ёсць адна псіхалагічная заканамернасць: яны не павінны спачуваць, суперажываць. Як гэта ні парадаксальна. Яны павінны паказваць перспектывы жыцця. Што ў жыцці ёсць многае. І чым больш новых ракурсаў для самарэалізацыі вы прапануеце, тым лягчэй чалавеку будзе пазбавіцца ад яго перажыванняў.

Віртуальная камунікацыя без пачуцця меры

Как пережить “усталость от насилия” и не поссориться со всеми подряд?
Месенджары на працоўным стале смартфона / unsplash.com

Адна з праблем віртуальнай камунікацыі — чалавек страчвае пачуццё меры. Яму не ўдаецца эмпатавацца, перажыць той боль, які ён можа дастаўляць іншаму чалавеку. Выказаў, напісаў. І як з гусі вада.

Памятайце пра тое, што гэта балюча. А вось калі вы не адчуваеце болю, тады вы пачынаеце ўсё пагаршаць. Уявіце, што гэта адбываецца ў рэальнасці. Але плюс віртуальнай камунікацыі — яна не гэтак жыва чапляе, як рэальныя адносіны.

І яшчэ адна рэкамендацыя: астылі, выпусцілі пар. Не забудзьцеся папрасіць прабачэння. Ёсць такі вельмі добры і вельмі эфектыўны прыём. Усвядоміў, што зрабіў глупства, — папрасі прабачэння, прызнай сваю памылку. А іншаму чалавеку будзе камфортней.

Яшчэ адна асаблівасць: мы часта просім прабачэння ўнутры сябе. Вашы прабачэнні ўнутры сябе недаступныя іншаму чалавеку. Таму не саромейцеся, напішыце. Гэта як тыя лісты, якія мы шлём сядзельцам. Яны ўспрымаюць іх зусім па-іншаму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі