Як шмат і што чытаюць беларусы?
У Польшчы штогод выдзяляюць 46 млн долараў, каб пасадзіць людзей за кніжку, а ў Эстоніі выдавецтвы спансуюцца… алкагольнымі акцызамі.
5 лютага адкрылася XXI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Еўрарадыё вырашыла даведацца, наколькі часта і што чытаюць беларусы.
У адной з кніжных крамаў Магілёва бадзёра пералічваюць найбольш прадаваных Акуніна, Брэдберы, Фіцджэральда, Муракамі, Уліцкую, Рубіну і Велера. А з беларускамоўнымі кніжкамі тут бяда.
Супрацоўнік крамы: “На беларускай мове ёсць крыху, але практычна не прадаецца. Я думаю, вы мусіце разумець, чаму. Не разумееце? Ну, таму што ў краіне няма беларускай мовы, таму іх ніхто і не набывае”.
Увогуле ж, як адзначае супрацоўнік крамы, продажы падаюць — цісне электронная кніга, а пакупніцкая здольнасць змяншаецца. Прыкладна тое ж самае кажуць і ў мінскім Доме кнігі “Светач”:
“Больш ці менш? Усё ж менш, хай і не нашмат, на працэнтаў 10. У тым ліку з прычыны лічбавых тэхналогій і цэн”.
Што праўда, тут пакупнікі заўсёды пытаюць пра кніжкі на беларускай.
А ў кнігарні “ЛогвінаЎ”, якая ў асноўным спецыялізуецца на беларускамоўнай літаратуры, часцей набываюць не мастацкія кніжкі, а, напрыклад, кулінарныя ці гістарычныя. Яшчэ добра набываюць Разанава, Арлова, Хадановіча, Барадуліна. Увогуле ж уладальнік крамы, выдавец Ігар Логвінаў лічыць, што ўсё больш і больш моладзі чытае на роднай мове:
“Гэта звязана не толькі з кніжкамі: там жа і гэты поспех праекта “Мова ці кава” паказвае ўсплёск цікавасці да сваёй мовы, сваёй культуры. Але, з іншага боку, законы так прымаюцца і Міністэрства інфармацыі стараецца, каб кніжак па-беларуску было менш”.
Цікава, што амаль у кожнай еўрапейскай краіне ўрады стараюцца прымусова пасадзіць за кнігу сваіх грамадзян. У Польшчы для гэтага выдзяляюць 322 мільёны долараў на наступныя сем гадоў, альбо каля 46 мільёнаў долараў на год. Магчыма, хочуць выправіць статыстыку: у сярэднім паляк набывае толькі 1,5 кнігі штогод, у той час як чэх — 14. У Эстоніі ж на выданне кніжак ідуць грошы, атрыманыя з… акцызаў на алкаголь. Такім чынам летась былі выдадзеныя 4 тысячы публікацый. Але найбольш паслядоўна чытанне падтрымлівае Францыя. Тут дзяржава дапамагае незалежным выдавецтвам, аплачвае гадавую падпіску на адно з выданняў для моладзі ва ўзросце 18-24 гадоў, а таксама змагаецца з непісьменнасцю сярод мігрантаў.
Нямала чытаюць і амерыканцы — дзякуючы новым тэхналогіям. У Еўропе ж з-за больш высокага падатку рынак электронных кніг развіваецца павольней. Ігар Логвінаў параўноўвае перспектывы электронных і папяровых кніжак:
“Электронны рынак больш даступны: не трэба нікуды ісці, не трэба нічога шукаць. Але ўсё роўна застаецца вялікі зрэз чытачоў, якія чытаюць толькі на паперы. Электронныя, канешне, уплываюць, сціскаецца папяровы рынак. Гэта будзе доўгі, балючы працэс, але канчаткова электронная кніжка не выцісне папяровую”.
Варта дадаць, што ў мінулым годзе беларускімі выдавецтвамі было выпушчана 11 тысяч найменняў кніг агульным накладам 31 мільён асобнікаў. Прычым па-беларуску — толькі 2% з іх.
Фота: news.mail.ru