Як жывуць заводы ў крызіс: Вітаем, калі людзі сыходзяць за свой кошт
Больш за чатыры сотні чалавек, супрацоўнікаў гомельскай "Светлатэхнікі", сышлі ў адпачынак за свой кошт на два месяцы. На працу ходзіць толькі адзін чалавек з аддзела. У прадпрыемства няма заказаў, тут працуюць інваліды па зроку.
"Здаровыя супрацоўнікі ўжо шукаюць іншую працу. А людзям з інваліднасцю куды дзявацца? — распавядаюць на прадпрыемстве. — У іх пенсія 1,7 мільёна, у маладых. А як пражывеш з камуналкай і ўсімі плацяжамі... Раней сто тысяч свяцільнікаў сыходзіла на Расію. Цяпер туды нічога не ідзе, на гэтых свяцільніках 90% людзей з інваліднасцю працавалі".
Супрацоўнікі завода пайшлі ў адпачынак за свой кошт добраахвотна, бо "папрасіла кіраўніцтва". А заробкі пачалі падаць даўно: да вымушанага адпачынку інжынер зарабляў каля трох мільёнаў, рабочы каля двух, бо быў скарочаны тыдзень.
"У інжынера максімальны заробак быў тры мільёны, гэта на чатыры дні на тыдзень. Рабочыя самі напісалі, што згодныя ісці за свой кошт", — апісвае супрацоўніца Наталля. Цяпер яна спрабуе знайсці іншую працу.
Трактарны завод хоча ўзяць на размеркаванне толькі двух спецыялістаў з ВНУ
Ці застанецца наогул размеркаванне ў крызіс?
На "Гомельхлебпраме" увялі скарочаны чатырохдзённы тыдзень для супрацоўнікаў аддзелаў, дзе няма аб'ёмаў. Гэта закранула менш за сотню чалавек.
"Там, дзе ёсць замовы — працуем", — каротка адказваюць на заводзе. Іншых супрацоўнікаў адпраўляць у адпачынак пакуль не збіраюцца.
"Гомельбудматэрыялы" цяпер працуюць поўны тыдзень, а раней адзін цэх завода стаяў. На прадпрыемстве ахвотна адпраўляюць супрацоўнікаў у адпачынак за свой кошт:
"Калі раней мы гэтага не віталі, то цяпер падпісваем такія заявы".
Затое Мінскі трактарны завод працуе поўны тыдзень. Але, як высвятляе Еўрарадыё ў супрацоўнікаў, заробкі зніжаюцца. Калі да крызісу рабочы атрымоўваў да сямі мільёнаў, то цяпер чатыры мільёны.
Частка рабочых барысаўскага "Аўтагідраўзмацняльніка", які ўваходзіць у холдынг БАТЭ, працуюць поўны тыдзень, частка — толькі чатыры дні. Рабочы Аляксандр, напрыклад, працуе нават па шэсць дзён:
"На поўны месяц людзі па 4-5 мільёнаў маюць. А калі не поўны месяц, то не больш за 3,5 на рукі выходзіць. Цяпер частка не працуе па пятніцах. Але мой цэх працуе".
Беларускі металургічны камбінат у Жлобіне працуе поўны тыдзень. Таксама поўны тыдзень працуе мінскі "Гарызонт".