З 1 кастрычніка Tax Free у ГУМе скарысталі ўсяго 10 замежнікаў
Пакупкі ў вялікай мінскай краме робяць італьянцы, кітайцы, эстонцы, немцы, літоўцы. А ўкраінцы “усё падрад бяруць”.
Сістэма зваротку падатку на дадатковую вартасць запрацавала ў сталічным ГУМе 1 кастрычніка. ГУМ першым адаптаваў праграму "Белтаможсервиса", які з’яўляецца афіцыйным аператарам сістэмы. У ЦУМе і ў гандлёвым доме “На Нямізе” сістэма запрацуе з 1 лістапада.
Як распавядаюць Еўрарадыё ў даведцы ГУМа, па афармленне Tax Freе звярнуліся замежнікі з самых розных краінаў:
“Учора ў нас касцюм афармлялі, кітайцы не так даўно многа бралі золата, Украіна — ну самі разумееце, усё падрад бяруць: дзіцячае, жаночае, трыкатаж, нават канцтавары бралі. Не так даўно бінокль кітайцы бралі, норкавую шапку. Былі эстонцы, латышы, кітайцы, Італія, Ізраіль, немцы былі, Украіна”.
За тры тыдні беларускі Tax Free аформіла з дзесятак іншаземцаў. У ГУМе спадзяюцца, што з цягам часу сістэма запрацуе ў поўную моц.
Каб атрымаць беларускі Tax Free, трэба набыць тавара на 800 тысяч рублёў. Для параўнання, у Польшчы для афармлення звароту падатка на дадатковую вартасць трэба закупіцца на 200 злотых, у Літве — на 200 літаў.
Фота: dengi.onliner.by.