“З чорнага спісу ЕС выключылі суддзю, які вынес прысуд за пару секунд”
Чаму “амніставалі” Чыжа, Тарнаўскага, Пефціева, іх прадпрыемствы і суддзяў, якія выносілі вельмі спрэчныя прысуды пасля вулічных акцый.
Савет Еўрапейскага саюза публікуе імёны беларусаў, якіх выключылі з чорнага спісу неўязных. Акрамя 24 чалавек, журналістаў, суддзяў, былых сябраў ЦВК ды чыноўнікаў розных узроўняў, са спіса выключаныя 7 кампаній. Усе яны належаць Чыжу, Тарнаўскаму і Пефціеву.
“Апеляцыі і Чыжа, і Тарнаўскага, і Пефціева, і іх прадпрыемстваў усё яшчэ разглядаюцца ў судзе ЕС, — пералічвае нечаканыя змены ў чорным спісе палітолаг Андрэй Елісееў. — Яшчэ вердыкт не вынесены, а іх ужо выкраслілі са спісу. Гэта даволі дзіўна, але, з іншага боку, апроч падачы ў суд ЕС ёсць механізм падачы апеляцыі непасрэдна ў Савет ЕС. Яны маглі скарыстацца гэтай магчымасцю, што пацягнула за сабой перагляд спісу. Але цалкам верагодна, што Савет ЕС і па сваім жаданні перагледзеў”.
У адрозненне ад судовых разбіральніцтваў, звароты непасрэдна ў сакратарыят Савета ЕС нідзе не публікуюцца, і ўсе працэдуры закрытыя.
“Тут застаецца толькі гадаць, — дадае Андрэй Елісееў. — Працэдура выкрэслівання з чорнага спісу па-ранейшаму застаецца няўцямнай. Было б цікава і мэтазгодна камусьці з афіцыйных асобаў ЕС пракаментаваць падставы, на якіх менавіта гэтыя асобы і гэтыя прадпрыемствы выкраслілі на дадзеным этапе, а іншыя падобныя прадпрыемствы ці шэраг іншых асобаў — не выкраслілі”.
Апроч бізнесоўцаў такім жа шляхам маглі пайсці і іншыя выкрасленыя з чорнага спісу грамадзянскія асобы. Сярод “амніставаных”, напрыклад, аказаўся былы суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Аляксандр Хадановіч. У студзені 2012 года ён прыняў рашэнне аб арышце на 11 сутак аператара тэлеканала “Белсат” Аляксандра Баразенкі, які здымаў адзіночную акцыю пратэсту ля будынка КДБ.
“Можна было ўжо прызвычаіцца, бо час ад часу адносіны паміж афіцыйным Мінскам і ЕС паляпшаюцца. Гэтае выключэнне суддзі са спісу — крок насустрач ад Еўрасаюза, — рэагуе журналіст Аляксандр Баразенка. — Але мне, безумоўна, непрыемна, бо незаконны прысуд — гэта злачынства. За якое суддзя мусіць несці пакаранне у першую чаргу згодна з беларускім заканадаўствам. Але мы разумеем, што гэта будзе не цяпер. А пакуль ён мусіць мець хаця б такое пакаранне, як быць неўязным ва ўсе цывілізаваныя краіны. Хоць бы таму, што цывілізаваныя краіны не мусяць пускаць на сваю тэрыторыю крымінальных злачынцаў”.
Аляксандр згадвае, што рашэнне па яго справе было прынятае літаральна за пару секунд. Суддзя Хадановіч нават не зрабіў выгляду, што разважае наконт прысуду. І гэта пры тым, што сведкамі абвінавачвання былі міліцыянты, якія складалі пратакол ужо ў аддзяленні міліцыі і нават не прысутнічалі на месцы яго затрымання.
Спіс выключаных асоб выглядае наступным чынам:
Суддзі:
- Аксана Раляева — былы суддзя Савецкага раёна Мінска;
- Святлана Акуліч — былы суддзя Пухавіцкага раённага суда;
- Аляксандр Хадановіч — былы суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска;
- Ігар Крот — былы суддзя Мінскага гарадскога суда;
- Іна Шайко — былы суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска;
- Алена Ціцянкова — былы суддзя суда Партызанскага раёна Мінска
- Дзмітрый Юферыцын — былы суддзя суда Ленінскага раёна Мінска;
- Дзмітрый Аляксандраў — былы суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда.
- Чыноўнікі:
- Міхаіл Орда — кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў, былы кіраўнік БРСМ;
- Аляксей Гусеў — былы першы намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта;
- Сяргей Касцян — былы старшыня Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў, старшыня "Беларускага славянскага камітэта".
- Бізнес:
- Уладзімір Пефціеў;
- Анатоль Тарнаўскі.
- СМІ:
- Аляксей Міхальчанка — журналіст АНТ, які выйграў справу ў судзе ЕС;
- Сяргей Гардзіенка — намеснік рэдактара газеты “СБ. Беларусь сегодня”;
- Аляксандр Таранда — намеснік рэдактара газеты “СБ. Беларусь сегодня”;
- Галіна Тарапецкая — намесніца рэдактара газеты “СБ. Беларусь сегодня”;
- ЦВК:
- Аляксандр Каляда — былы сябра ЦВК, былы старшыня Брэсцкай абласной выбарчай камісіі;
- Надзея Кісялёва — былы сябра ЦВК,
- Вячаслаў Крукоўскі — былы старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі;
- Мікалай Стош — былы старшыня Гомельскай абласной выбарчай камісіі;
- Эдуард Падаляк — былы сябра ЦВК
- Адукацыя:
- Мечыслаў Часноўскі — рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта;
- Пётр Кухарчык — былы рэктар Беларускага педагагічнага ўніверсітэта, памёр у сакавіку 2014 года);
- Прадпрыемствы:
- “БТ Тэлекамунікацыі” (Пефціеў),
- “Нафтахімтрэйдынг”, “Трайплфарм”, “Трайпл-Велес” (Чыж),
- “Юнівест-М”; “Юніс-Ойл”, “Юнівестбудінвест” (Тарнаўскі).
Фота: Reuters