За айцішніцу, якая з'ехала ў Польшчу, павысілі камуналку яе бацькам
У кватэры, дзе жыла беларуская айцішніца, пасля яе ад'езду за мяжу паднялі камунальную плату. Пры гэтым сама дзяўчына не была ні ўласніцай ні наймальніцай — гэта кватэра яе бацькоў, піша devby.io.
"Я з'ехала з Беларусі ў сакавіку, будучы яшчэ супрацоўнікам Менскай кампаніі. Толькі 8 красавіка я звольнілася і стала працаваць у польскім офісе. А 16 траўня бацькі атрымалі гэты ліст на маё імя", — расказвае дзяўчына.
У лісце гаварылася, што яна трапіла ў спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія выехалі за межы Беларусі. Таму камунальныя паслугі ёй будуць налічваць па поўных трыфах. Пры гэтым уласнікам кватэры з'яўляецца бацька дзяўчыны — пенсіянер.
Калі дзяўчына затэлефанавала па тэлефоне, указаным у апавяшчэнні, ёй сказалі, што з бацькоў будуць браць павышаную камуналку, бо яна прапісаная ў іх.
Згодна з пастановай Саўміна №166 ад 25 сакавіка 2022 года ў спіс "дармаедаў" сапраўды ўносяць тых, хто з'ехаў за мяжу больш чым на 30 дзён. Пры гэтым уладкаванымі на працу за мяжой лічацца толькі тыя, хто працуе ў краінах ЕАЭС — Расіі, Казахстане, Кыргызстане і Арменіі.
Праўда, ад'езд за мяжу не робіць чалавека плацельшчыкам "камуналкі" аўтаматычна. Імі лічацца ўласнік памяшкання, наймальнік, арандатар, лізінгаатрымальнік і член арганізацыі забудоўшчыкаў.
Калі дзяўчына падрыхтавалася да гутаркі з чыноўнікамі і затэлефанавала яшчэ раз, ёй заявілі, што ва ўсім вінаваты Памежны камітэт. "Гэта яны дасылаюць спісы, а сакратар уносіць імёны ў рассылку па адрасах, як я разумею, не ўнікаючы, уласнік ты ці не. Але горш за ўсё, што гэтая рассылка потым ідзе ў разлікова-даведачны цэнтр, і калі там не правераць, што я не ўласнік — выставяць па поўнай", — дзеліцца яна падрабязнасцямі.
Айцішніцы параілі ператэлефанаваць 30 траўня, калі сакратар выйдзе з адпачынку, і яшчэ раз расказаць усё.
"Але самы прыкол у тым, што я была ўключаная ў спісы незанятых яшчэ за сакавік, хоць звольнілася толькі 8 красавіка", — падкрэслівае дзяўчына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.