Загадка: чым скончыўся візіт Лукашэнкі ў Крэмль?

Загадка: чым скончыўся візіт Лукашэнкі ў Крэмль?

Замест чаканых перамоваў аб крэдыце і авіябазе кіраўнікі краін расказалі журналістам, што пагадзіліся “працягваць далейшую інтэграцыю”.

 

Разам з Лукашэнкам у Маскву паехала цэлая дэлегацыя

Візіт 15 снежня першапачаткова не планаваўся — кіраўнік Беларусі збіраўся ў Маскву 26 лістапада, але за два дні да паездкі у Пуціна ўзніклі раптоўныя праблемы з Турцыяй і сустрэчу з кіраўніком Беларусі прыйшлося пераносіць.

Разам з сабой у Маскву Лукашэнка бярэ міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, намесніка прэм’ера Уладзіміра Сямашку, першага намесніка прэм’ера Васіля Мацюшэўскага і міністра прамысловасці Віталя Ваўка. Усе яны, акрамя Макея, курыруюць эканамічныя пытанні. Таму ўжо нават са складу беларускай дэлегацыі зразумела — у Маскве Лукашэнка збіраецца размаўляць пра таваразварот і, магчыма, крэдыты ці прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў. Маючы намер абмяркоўваць з’яўленне ў нашай краіне расійскай авіябазы, было б лагічным узяць з сабой міністра абароны. Але ён застаўся ў Мінску. Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу у перамовах таксама не ўдзельнічае.

Загадка: чым скончыўся візіт Лукашэнкі ў Крэмль?

Падтрымка Пуціна

“Мы абмеркавалі пытанні роўнага доступу беларускіх тавараў на расійскі рынак і атрымалі падтрымку расійскага прэзідэнта ў гэтым плане. Мы ведаем пра праграму імпартазамяшчэння, прынятую ў Расіі”, — расказвае Аляксандр Лукашэнка журналістам пасля завяршэння перамоваў з Пуціным. Праўда, ці будзе забяспечаны гэты “роўны доступ” дакументальна, засталося невядома — паводле Лукашэнкі, падпісалі па выніках сустрэчы толькі “сумесную заяву, у якой зацверджаныя асноўныя прынцыпы ўсёабдымнага стратэгічнага партнёрства нашых краін, вызначаныя прыярытэты развіцця беларуска-расійскіх адносін”. Масла масленае.

 

Экзамен па рускай мове

Адзіным пытаннем з перамоваў, пра якое расказалі журналістам, становіцца іспыт па рускай мове для ўсіх замежнікаў, якія атрымліваюць у Расіі афіцыйны дазвол на працу. Улады Расіі вырашылі, што беларусам яго здаваць не трэба. “Я дзякую за тое, што Уладзімір Уладзіміравіч сказаў у якасці падтрымкі нашым грамадзянам. Калі б было інакш, заканадаўцы сябе проста на смех выставілі б, таму што руская мова — гэта наша мова… Так што, гэта наша мова, наша родная мова, таксама гэта дзяржаўная мова, таму добра, што вы ўлічылі гэта і не паставілі нас у няёмкае становішча, каб мы даказвалі веданне рускай мовы”, — падзякаваў кіраўнік Беларусі расійскаму калегу. Толькі ці варта было дзеля гэтага нібыта важнага пытання ехаць у Маскву разам з трыма міністрамі.

Загадка: чым скончыўся візіт Лукашэнкі ў Крэмль?

Вайсковае супрацоўніцтва

“У мэтах умацавання рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі дамовіліся актыўна развіваць вайсковае і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва”, — гэта ўсё, што гучыць пасля перамоваў з вуснаў Уладзіміра Пуціна пра магчымую расійскую авіябазу ў Беларусі. І нават не канкрэтна пра яе, а пра незразумелае “вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва”. Яшчэ было пра святкаванне 70-годдзя перамогі ў Вялікай айчыннай вайне, але гэта можна не ўлічваць.

 

Што гэта было?

Незразумеласць паездкі Лукашэнкі ў Маскву можна было б патлумачыць неабходнасцю менавіта туды нанесці першы візіт у якасці новаабранага кіраўніка краіны. Аднак з гэтым выйшла неспадзяванка — першы візіт Лукашэнкі быў у В’етнам. У Маскву — толькі трэці, бо кіраўнік Беларусі яшчэ некалькі дзён быў у Ашхабадзе. Таму паездка ў Крэмль выглядае больш чым дзіўна — кіраўнік краіны і некалькі міністраў едуць фактычна на два дні ўдзельнічаць у перамовах, якія “працяглы час і сур’ёзна рыхтаваліся”, а ў выніку дамаўляюцца, што беларусы не будуць здаваць іспыт па расійскай мове падчас уладкавання на працу ў Расіі. Яшчэ падпісваюць сумесную заяву, якая напоўненая словазлучэннямі кшталту “паглыбляць усебаковае партнёрства”, “каардынаваць намаганні” ды “працягваць працу”. Цырк.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі