Жорсткае забойства каля аршанскага суда — новыя падрабязнасці

Як паведамляла Еўрарадыё, забойства дзяўчыны адбылося ўдзень 12 верасня ў цэнтры Оршы, каля будынку суда. На вачах у мноства людзей мужчына некалькі разоў ударыў нажом дзяўчыну і ўцёк.



Спярша з'явілася інфармацыя, быццам пара выйшла з суда. Аднак у судзе Аршанскага раёна і горада Оршы Еўрарадыё кажуць, што ніякіх разводаў ў дзень забойства не было і да іх пара не мае ніякага дачынення.



Намеснік начальніка Следчага камітэта па Оршы Сяргей Сідзін ад усялякіх каментароў адмаўляецца, бо яшчэ знаходзіцца на месцы здарэння. Не кажа супрацоўнік СК, ці ёсць у іх затрыманы.  



Сідзін: “Я знаходжуся на месцы здарэння і ніякіх каментароў даваць не магу. У нас пакуль няма падазраванага”.



Тым часам юрыст Алег Граблеўскі кажа, што жанчына атрымала два ўдары нажом у жывот і адзін раз у шыю. Пра гэта яму паведамілі неафіцыйныя крыніцы з аршанскага суда, каля якога адбылося забойства.



Граблеўскі: "Хлопцу прыкладна каля 30 гадоў, дзяўчыне — каля 20. Яны былі ў разводзе, і з нейкіх прычынаў ён гэта зрабіў. Хлопец зараз ляжыць у больніцы з нажавым раненнем ў вобласці сэрца".



Мяркуючы па ўсім, забойца пасля свайго ўчынку спрабаваў учыніць самагубства, кажа Граблеўскі. Праўда, ён удакладняе, што гэта таксама неафіцыйныя звесткі.

Фота — poseti.by

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі