9 з 10 жанчын у Беларусі адчуваюць дыскрымінацыю на працы
90% жанчын адчуваюць дыскрымінацыю на працы. Галоўная праява — пытанні асабістага характару, якія працадаўцы задаюць патэнцыйным падначаленым. З дыскрымінацыяй жанчыны сутыкаюцца і ў паўсядзённым жыцці. І калі шмат часу ў Беларусі заплюшчвалі на гэта вочы, дык у апошнія гады феміністкі раз-пораз нагадваюць дзяржаве пра правы, прапісаныя ў Канстытуцыі.
Чаму сёння жанчынам важна не маўчаць пра свае праблемы? Пра гэта напярэдадні 8 сакавіка Еўрарадыё размаўляе са старшынёй аб'яднання "Гендарныя перспектывы" Ірынай Альхоўкай.
“Вы замужам?”, “Ці збіраецеся ў дэкрэт?”: такія пытанні — гэта дыскрымінацыя жанчыны?
“Фактычна, так, — тлумачыць Ірына Альхоўка. — У адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, працадаўца пры правядзенні сумоўя павінен збіраць інфармацыю, што мае дачыненне непасрэдна да будучай працы. Трэба ацаніць прафесійныя навыкі, узровень адукацыі, кваліфікацыю, досвед. А пытанні, якія тычацца сямейнага статусу і асабістага жыцця, ніякім чынам не звязаныя з выкананнем працы. У Еўрапейскім саюзе часам нават забараняюць прыкладваць фота да рэзюмэ. Гэта робіцца, каб працадаўца не быў перадузятым да знешнасці кандыдата”.
Ці з'яўляецца наяўнасць дзіцяці падставай не браць на працу жанчыну?
Нават калі гэта поўная сям'я, дык, на думку некаторых працадаўцаў, дзеці ёсць у жанчын, а ў мужчын іх быццам бы няма.
“Вось чаму мужчыны — ідэальныя работнікі, якія самі не хварэюць, і дзеці ў іх таксама не хварэюць, — іранізуе Ірына Альхоўка. — Але некаму ж трэба займацца дзецьмі! Атрымліваецца, жанчыны — нявыгадная працоўная сіла. Але даўно трэба змяняць падыходы. У кожным бізнесе вельмі добра мець розныя пункты гледжання, розны досвед. Мы ўсе людзі. З намі можа нешта здарыцца, мы ўсе можам захварэць”.
Цікава, што ў Швецыі працадаўцы наадварот прасоўваюць супрацоўнікаў, у якіх ёсць дзеці. Іх падыход даказвае, што бацькі — лепшыя кіраўнікі. Гэта людзі, якія ўмеюць правільна размяркоўваць час ды расстаўляць прыярытэты.
У Беларусі існуе 180 прафесій, у якіх нельга працаваць жанчынам
“Многія з гэтых прафесій звязаныя з вельмі цяжкай працай, —тлумачыць эксперт. — Таксама ў гэты спіс уключаюцца віды прац, звязаныя з хімічнымі рэчывамі — так званая шкодная вытворчасць. З аднаго боку, клопат дзяржавы тут зразумелы. Але незразумела, чаму ён распаўсюджваецца толькі на жанчын. Атрымліваецца, што мужчыны перад шкоднымі рэчывамі, хімічнымі складамі ніякім чынам не абароненыя.
Заходняя Еўропа ідзе шляхам удасканалення ўмоў працы — там імкнуцца паляпшаць бяспеку на вытворчасці для ўсіх. Ад гэтага выйграюць і мужчыны ў тым ліку. Краіны ЕС даўно адмовіліся ад забароненых відаў дзейнасці для жанчын. У нас таксама ідзе працэс. Раней у спіс уваходзілі 254 прафесіі. Цяпер ён скарачаецца, але адбываецца гэта вельмі марудна”.
Жанчынам, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў, забараняецца лётаць у камандзіроўкі
“На мужчын гэтае правіла не распаўсюджваецца, — распавядае Ірына Альхоўка. — З аднаго боку, зразумела, што жанчына, якая мае дзяцей, асабліва такіх маленькіх, павінна прысвячаць ім шмат часу, але з іншага боку, чаму толькі жанчына? У мужчыны таксама ёсць дзеці, але яму камандзіроўкі не забароненыя. Пры гэтым, часта паездкі звязаныя з кар'ерным ростам. Жанчына, якая не можа дазволіць сабе камандзіроўкі, доўгае навучанне, прайграе у гэтых пазіцыях. Нездарма кажуць, што “дэкрэтны” адпачынак вельмі часта выбівае жанчын з прафесійнай каляіны”.
3 гады “дэкрэтнага” адпачынку — зашмат
“У нас няма ніякіх навуковых дадзеных пра тое, што менавіта трохгадовы адпачынак добра ўплывае на развіццё дзіцяці. Мы вось неяк да гэтай лічбы прывязаліся. А з іншага боку, можна пераняць чужы досвед. Год-два — гэта аптымальны тэрмін. Калі заканадаўства зменіцца, гэта будзе стымуляваць бацькоў падзяляць адказнасць па выхаванні дзяцей”.
Што рабіць, калі пры ўладкаванні на працу, вам задаюць пытанні пра ўзрост і “дэкрэт”, а потым адмаўляюць?
“Згодна з законам, нельга дыскрымінаваць людзей па гендары, узросце, пашпарце, сямейным становішчы, знешнасці і гэтак далей. На практыцы ўсё атрымліваецца інакш. Абараніць сябе ад гэтай дыскрымінацыі практычна немагчыма. Абарона будуецца на доказах, лепш — пісьмовых. Трэба прасіць абгрунтаваны адказ, чаму вас не хочуць прымаць на працу. Лепш пісьмовы. Шмат хто кажа, маўляў, шукаюць жанчыну прыемнай знешнасці адміністратарам у кавярню ці краму. Яна павінна быць пэўнага ўзросту, камплекцыі, таму што кліенты хочуць глядзець на прыгожую жанчыну, калі яны заходзяць ва ўстанову. Але паняцце прыгажосці ва ўсіх рознае. Так нельга”.
У апошнія гады праходзіць шмат флэшмобаў аб дыскрымінацыі жанчын
“Адна справа, калі мы гаворым пра нешта абстрактнае, іншая — калі прыводзім факты. Усё пачалося з канкрэтнай жанчыны, якая вырашыла распавесці сваю гісторыю. Яе падтрымалі. У сеціве з'явілася шмат прыкладаў таго, што жанчын не ўспрымаюць як роўных. Грамадства патрабуе, каб гвалт і харасмэнт успрымаліся не як пачуццё гумару ці адсутнасць пачуцця гумару ў жанчын, а як дамаганні”.