Абітурыент, які здаў ЦТ на 100 балаў: Тэст я напісаў за 40 хвілін
Сёлетнія чэмпіёны тэставання распавядаюць, што яны зрабілі, каб атрымаць найвышэйшую адзнаку.
Першыя выдатнікі сёлетняга тэставання: Дамінік Шарэпа з Мінска, Кацярына Букарава і Ганна Рашчынкіна з Мазыра. Будучыя студэнты рыхтуюцца ад года да двух, а перад іспытам адпачываюць з сябрамі, “каб менш хвалявацца”.
Ганна Рашчынкіна здае на 100 рускую мову і хімію пасля мазырскага абласнога ліцэя, хоча стаць стаматолагам:
"Я ў ліцэі шмат займалася. Там былі дадатковыя факультатывы і курсы. Узмоцнена я пачала рыхтавацца з 10 класа. У апошні дзень перад тэставаннем зусім не рыхтавалася, проста адпачывала. Схадзіла пагуляць удзень, пасля дадому вярнулася. Бо калі рыхтуешся перад самім тэставаннем, пачынаеш моцна баяцца. Я так перад рускай мовай ноч не спала.
Мне не складана было рыхтавацца, бо мне падабаліся гэтыя прадметы. Па рускай мове я на алімпіяду хадзіла. Ды і чытаць люблю: пра каханне, напрыклад. Хімію таксама люблю яшчэ са школы. Наогул, у мяне шмат зацікаўленасцяў, гуляць люблю, сяброў шмат. Але гэта рыхтавацца не перашкаджала.
Хачу паступаць у Мінск, на стаматалагічны факультэт. Заўжды туды хацела. Праз пяць гадоў буду працаваць у паліклініцы, відаць".
Дамінік Шарэпа з Мінска здае на выдатна рускую мову і збіраецца паступаць на “эканамічную інфарматыку” у БДУ:
"Па двух з трох прадметаў я рыхтаваўся толькі ў апошнім класе, з зімы. Замежную мову раней пачаў шчыльна вучыць, але я рыхтаваўся не да тэставання. У мяне 100 балаў па англійскай таксама, бо перамог у алімпіядзе. У школе па рускай мове таксама 10.
У дзень перад тэстам па рускай я гуляў з сябрамі і адпачываў. Нічога не паўтараў. Дома ўвечары кіно паглядзеў, не памятаю, праўда, назву. На самім іспыце таксама быў упэўнены, таму асабліва не перажываў. Было, натуральна, пару момантаў, дзе давялося падумаць. Але тэст падаўся простым. Я яго напісаў за 40 хвілін, але пасля ўсё праглядаў, ці не памыліўся.
Матэматыку я дрэнна напісаў, на 83 балы. Можна было лепш. У суме ў мяне 380 балаў, мяркую, што хопіць, каб паступіць. Праз пяць гадоў не бачу, што канкрэтна буду рабіць, па спецыяльнасці працаваць па размеркаванні".
Кацярына Букарава пасля мазырскага абласнога ліцэя здае на 100 балаў грамадазнаўства. Рыхтуецца толькі з настаўнікамі і на факультатывах. Марыць стаць эканамістам.
"Я рыхтавалася два апошнія гады з настаўнікамі ў ліцэі, бо яны нам дапамагалі моцна, перажывалі за нас. Рэпетытараў не брала. На самім тэставанні адчувала сябе ўпэўнена, бо калі з самага пачатку рыхтавацца, не так страшна, ведаў ужо хапае. Пасля, зразумела, хвалюешся, але ўжо за вынік. У апошні дзень я рыхтавалася, але і пагуляла з сябрамі, каб адпачыць.
Добра здаць грамадазнаўства дапамагае логіка. Навіны можна глядзець ці чытаць. У мяне ёсць талісман ― малахітавы кулон, мама падарыла. Ён прыносіць удачу. А так, у мяне шмат розных зацікаўленасцяў апроч вучобы: ёга, спорт, фітнэс. З сябрамі люблю пагуляць, кнігі люблю пра прыгоды. Віктор Гюго ― любімы аўтар. А музыку люблю класічную.
Хачу ісці ў БДУ на эканамічнае права. Гэтая спецыяльнасць дае шмат магчымасцяў. Праз пяць гадоў хацела б у нейкай фірме працаваць, дзе ёсць перспектывы развіцця, дзе добры калектыў".
Фота - з архіву суразмоўцаў і сацсетак.