Адроджаны “Народны альбом”: як выглядаў канцэрт у Беластоку (фота, аўдыё)
У суботу-нядзелю, апрануўшыся прыстойна, дзясяткі беларусаў рушылі ў Беласток. Журналісты і палітыкі, музычныя крытыкі і культуролагі, проста аматары добрай беларускай музыкі ехалі не за пакупкамі, а… ў оперу. Ну, насамрэч, не тое, каб у оперу ― на адроджаны і абноўлены айчынны мюзікл “Народны альбом”. Праект, які ўжо даўно стаў класікай, але лічаныя разы ставіўся на вялікай сцэне.
Крыху гісторыі для тых, хто не ведаў, альбо забыўся, як нараджаўся “Народны альбом”. Ідэя праекта належыць паэту Міхалу Анемпадыставу. У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя ён сабраў у адну нізку свае вершы, напісаныя ў розныя гады. І атрымалася такая вершаваная гісторыя Беларусі 30-х гадоў мінулага стагоддзя. На прыкладзе гісторый з жыцця невялікага мястэчка ў Заходняй Беларусі. З прапановай напісаць музыку на гэтыя вершы Міхал звярнуўся да ўсіх беларускіх музыкаў. Але ў выніку па розных прычынах атрымалася так, што працаваць над музычнай часткай будучага “Народнага альбома” ўзяўся Лявон Вольскі. І праз пэўны час, у 1997 годзе, пры ўдзеле музыкантаў гурта N.R.M. а таксама Змітра Вайцюшкевіча, Касі Камоцкай, Аляксандра Памідорава, Веранікі Кругловай і журналісткі Ірыны Курапаткінай запісалі на студыі “Радыё 101,2” гэты легендарны альбом.
Прайшло 20 гадоў. Песні з “Народнага альбома” сталі сапраўды народнымі. Але спадзявання пачуць іх са сцэны, асабіста ў мяне не было. І нечаканым стала паведамленне, што праект адроджаны і 4 верасня будзе прэзентаваны ў беластоцкай оперы. Для мяне і іншых аматараў “Народнага альбома” падзея стала нечаканай. Іншая справа, “ветэраны праекта”.
“Не была нечаканай прапанова гэтая, ― прызнаецца Лявон Вольскі. — Бо Дзікавіцкі (адзін з кіраўнікоў канала "Белсат", ― Еўрарадыё) даўным-даўно прапаноўваў новае жыццё надаць “Народнаму альбому”. Але пэўная частка складу адмаўлялася ўдзельнічаць у гэтым”.
"Проста справа нарэшце дайшла да рэалізацыі, ― далучаецца да размовы Аляксандр Памідораў. ― Бо спробаў зрабіць нейкі вялікі праект з кіно на маёй памяці было тры ці чатыры. Але да рэалізацыі яны не даходзілі па прычыне асабістых стасункаў ці што… Бо прайшоў час, мы ўжо не тыя, што былі 20 гадоў таму…"
— Не ведаю ― я той жа самы! ― не пагаджаецца Лявон.
— Біялагічна не той! Мы ўсе жывыя людзі, часам не знаходзім паразумення… Гэтым разам размовы пра адраджэнне пачалі весці яшчэ летась і калі ўсё дайшло да рэалізацыі, то толькі можна ўхваліць гэтую справу. Я вельмі шчаслівы.
― Проста пашанцавала, што трапіла гэта ў свой час: знайшліся рэсурсы, знайшліся новыя ідэі. І я лічу, што зрабілі правільны выбар наконт абноўленага складу. Мы ўжо цяпер сумуем, што наступны канцэрт будзе гадоў праз 10 ці 5, а не праз, да прыкладу, месяц, у Вільні, ― кажа Зміцер Вайцюшкевіч.
Абноўлены склад, пра які кажа Зміцер, гэта джазавы гурт Apple Tea, Aguarelle Quartet і трыо бэк-вакалістак. Аляксандр Сапега і Ігар Сацевіч з Apple Tea прызнаюцца, яны імкнуліся зрабіць усё магчымае, каб і песні ўпрыгожыць, і не стварыць дыскамфорт галоўным удзельнікам праекта. “І ў іх гэта атрымалася”, ― кажа Кася Камоцкая. І прыгадвае сваё насцярожанае стаўленне.
Кася Камоцкая: “Я скептычна ставілася да іх удзелу толькі з-за таго, што ўяўляла, як яны ўсе мае “ляпы” і хібы будуць бачыць і адчуваць. А я нават "на іх мове" не магу растлумачыць, чаго я хачу! І я сказала: хоць раз на мяне паглядзяць коса ― я паварочваюся і сыходжу. Бо зразумела, што ў нас узровень розны: прабачце, але я ў музычнай школе нават не вучылася! І калі толькі пачнуцца пагардлівыя погляды на мае сумнеўныя вакальныя здольнасці!.. Але апынулася наадварот: яны пачалі размаўляць маёй мовай!”
Гэта агульнае разуменне адзін аднаго добра было бачнае падчас канцэрта – ён прайшоў на адным дыханні. Песні плаўна перацякалі адна ў другую і было добра чуваць, як людзі ў зале падвяваюць практычна кожнай.
“Не скажу, што я вырас на гэтых песнях, бо я раней вырас, але я вельмі люблю гэтую музыку, вельмі паважаю Лявона Вольскага, іншых людзей, якія ўсё гэта стваралі. Таму, маё месца тут, і я з задавальненнем прыехаў. Перш за ўсё для сябе, а таксама ― каб пакланіцца людзям”, ― кажа лідар Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
Арганізатары канцэрта, тэлеканал Белсат, сабралі ў зале ўсю палітычную эліту дэмсіл: Андрэй Саннікаў і Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч, Зміцер Бандарэнка і Юрась Губарэвіч.
Але было шмат людзей, якія самастойна прыехалі ў Беласток дзеля магчымасці жыўцом пачуць “Народны альбом”.
“Вельмі спадабалася, проста цудоўна ― нават словаў не маю. Усё было вельмі цудоўна!” — дзеліцца са мной уражаннямі Міхась з Мінска.
“Цудоўны канцэрт, вельмі атмасфернае мерапрыемства атрымалася. І бачна было, што і публіка, і артысты атрымліваюць задавальненне адно ад другога ― проста ідэальна!" ― кажа Святлана. Дзяўчына прыехала на канцэрт з Варшавы, дзе жыве і працуе.
“А я хачу падзякаваць палякам, якія спрычыніліся да арганізацыі канцэрта ― за тое, што яны робяць беларускую справу. Але дзякуй і беларусам, якія бяруць удзел у гэтым праекце: за тое, што не зламаліся, не збеглі нікуды і працягваюць гэта рабіць. Можа, сёння гэта не могуць пачуць усе беларусы, але прыйдзе час і гэты праект будзе запатрабаваны на радзіме”, — далучаецца да размовы Алесь з Гродна.
Што яшчэ сказаць пра канцэрт? Напэўна, шмат, але мне падаецца дастаткова аднаго: зала не сыходзіла па заканчэнні канцэрта да тае пару, пакуль музыканты не вярнуліся на сцэну і па другім разе не сыгралі “візітоўку” “Народнага альбома” ― песню “Простыя словы”.
Відэаверсію канцэрта канал Белсат абяцае паказаць ў навагоднюю ноч. А я закончу словамі Зінаіды Бандарэнкі:
“Спектакль проста цудоўны і шкада, што гэтая імпрэза адбылася не ў Мінску. Але я ўпэўненая, што пройдзе час і мы абавязкова ўбачым гэты спектакль на радзіме і пакажам яго моладзі”.
Фота Алеся Пілецкага