Агенцтва нерухомасці: Колькасць здзелак па куплі кватэр знізілася на 10%!

Толькі ў пяці беларускіх банках засталіся крэдыты на будаўніцтва ці набыццё асабістага жылля.

"У нас ёсць крэдыт толькі на будаўніцтва кватэры, на набыццё жылля крэдыты часова прыпыненыя. Калі такія крэдыты вернуцца — інфармацыі не маем", — кажуць Еўрарадыё ў "Белаграпрамбанку". Тут выдаюць крэдыты на 20 гадоў пад 38,5% гадавых, крэдытуюць не болей за 90% ад кошту жылля, але не болей чым на 500 мільёнаў.

"Каб атрымаць гэту суму, вам трэба мець заробак у 33 мільёны! Але сюды можна ўключыць заробак блізкіх родных. Першая выплата складзе… каля 18 мільёнаў, а сума пераплаты — амаль 2 мільярды".

У "Белаграпрамбанку" супакойваюць: частку плацяжоў "з'есць" інфляцыя, таксама тут разлічваць на зніжэнне стаўкі рэфінансавання.

Адначасова павялічваюцца стаўкі па крэдытах. Да прыкладу, у "Беларусбанку" зараз крэдыт на набыццё-будаўніцтва жылля можна ўзяць пад 38,5%. Яшчэ месяц таму стаўка была на 10% меншай.

“Стаўка па крэдыце ў нас змянілася з верасня. Раней крэдыт давалі і пад 25,5% гадавых”, — кажуць у "Беларусбанку".

Самыя ж дарагія крэдыты прапаноўваюць прыватныя банкі. Пад 58% можна атрымаць пазыку ў "Прыёрбанку", пад 52% — у "Парытэтбанку". Месяц таму кватэру з “Прыёрбанкам” можна было набыць за крэдыт пад 44% гадавых.

Дарагоўля крэдытаў рана ці позна прывядзе да таго, што колькасць пакупнікоў зменшыцца. Рыэлтары заўважаюць зніжэнне.

"Па нашым агенцтве на 10% знізілася колькасць здзелак", — кажа намеснік дырэктара па продажах на рынку другаснага жылля агенцтва нерухомасці "Твая сталіца" Святлана Кудзелка.

Кошт квадратнага метра зараз амаль у тры разы большы за сярэдні заробак беларусаў — 1642 долары за метр квадратны. Самая танная кватэра ў Мінску па агенцтве зараз каштуе 54 тысячы долараў.

На думку рыэлтараў, з-за дарагоўлі крэдытаў кошт на квадратны метр знізіцца. Хоць пакуль на рынку куплі-продажу кватэр па інэрцыі заключаюцца здзелкі.

"Людзі і раней не крэдытаваліся пад 90% ад кошту кватэры, максімальна на 10-20-30% ад сумы. І гэта пры тым, што тыя крэдыты лічыліся больш лаяльнымі. А зараз купляюць па інэрцыі, хто падрыхтаваўся да такой сітуацыі", — кажа Святлана Кудзелка.

Пры гэтым спецыяліст заўважае, што большасць пакупнікоў нерухомасці — беларусы. І толькі невялікая частка з іх — расіяне ды іншаземцы.

"Многія мяняюцца, нешта прадаюць, бяруць крэдыт і купляюць новае. 1-2 здзелкі так званага чыстага продажу — калі людзі з'язджаюць за мяжу", — кажа Святлана Кудзелка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі