Беларусь адмовіцца ад расійскага газу і пяройдзе на мазут?

Цана на газ для Беларусі ў 2009 годзе можа знізіцца да 140 долараў за тысячу кубаметраў. У адваротным выпадку Беларусь можа перайсці з прыроднага газу на мазут. Паводле слоў аналітыка расійскай інвестыцыйнай кампаніі “Брокеркрэдытсервіс” Кацярыны Краўчанкі, у дакументах, пададзеных “Газпромам”, усё яшчэ пазначана цана ў 240 долараў. Аднак у сувязі з тым, што кошт на газ прывязаны да кошту на нафту, якая значна патаннела, можна чакаць, што і цана на газ задаволіць беларускі бок.

Кацярына Краўчанка: “Ведаеце, цана мусіла быць 240. Гэта яны зыходзілі, калі цэны на нафту былі вышэй за 100. Зараз нафта ўпала на 40 - адпаведна газ павінен прапарцыйна знізіцца. Формулы яны не выдаюць. Але прыкладна можна зразумець, што ў другім паўгоддзі цана будзе ніжэйшай за 150 – гэта факт. Калі цана будзе 180-190 ў першым паўгоддзі, то, адпаведна, у другім - 140-150”.

Эканамічны аглядальнік газеты “Белорусы и рынок” Таццяна Манёнак пагаджаецца, што можна разлічваць прыкладна на цану ў 170-185 долараў. Аднак сітуацыя можа змяніцца, таму што аналітык упэўненая – рашэнне будзе прымацца на палітычным узроўні.

Таццяна Манёнак: "170-185 павінен быць гэты кошт. Але гэта без палітычнага складніку. У бліжэйшы час павінна адбыцца сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, якія будуць, пэўна, размаўляць па цэлым спектры пытанняў беларуска-расійскіх адносінаў. Таксама палітычнае прызнанне Асеціі і Абхазіі. І ў гэтым рэчышчы будуць вызначацца ўмовы паставак газу для Беларусі”.

Пры гэтым у самім “Газпроме” адмаўляюцца называць цану, спасылаючыся на тое, што пакуль ніякай інфармацыі няма.

Між тым, у панядзелак газета “Коммерсантъ” распаўсюдзіла інфармацыю са спасылкай на мэнэджэра “Газпрома” аб тым, што ў 2009 годзе цана на газ для Беларусі павінна скласці 240 долараў за тысячу кубаметраў. Згодна з версіяй выдання, гэта будзе адна з крыніцаў даходу для “Газпрому” ў час крызісу, калі даводзіцца паніжаць кошты для Еўропы. Многія еўрапейскія краіны пераходзяць на альтэрнатыўныя крыніцы газу, гаворыць Таццяна Манёнак:

“Апошняя сітуацыя паказала, што вельмі рэзка зніжаецца экспарт расійскага газу ў еўрапейскія краіны. Справа ў тым, што на спотавых рынках кошт газу іншых спажыўцоў аказаўся больш танным, чым расійскі газ. І таму некаторыя краіны пачалі пераходзіць на альтэрнатыўны газ, звадкаваны газ пачалі таксама спажываць”.

Беларусь, на жаль, не мае магчымасці купляць больш танны газ у абыход Расіі. Аднак ужо зараз збірае мазут – на чорны дзень. Працягвае Таццяна Манёнак:

“З перспектывай беларускія чыноўнікі прынялі рашэнне, каб запасіць мазут як рэзервовае паліва. Спажываць мазут будзе танней, чым прыродны газ. Таму можна лічыць, што паклапаціўся беларускі бок аб такой альтэрнатыве”.

Прэс-сакратарка міністра энергетыкі Людміла Зяньковіч запэўніла Еўрарадыё, што перамовы хоць і не вядуцца на высокім узроўні, аднак працоўныя групы створаныя і справа рухаецца:

Людміла Зяньковіч: “На высокім узроўні – не. Звычайныя працоўныя групы. Як заўсёды”.

Варта зазначыць, што прэс-сакратар “Белтрансгазу” Ўладзімір Чэкаў нават не змог узгадаць, калі дэлегацыя прадпрыемства апошні раз была ў Маскве на перамовах.



Фота bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі