Беларус атрымаў грошы за незаконную “адсідку” ў калоніі

Міліцыя сфабрыкавала на Леаніда Тарасенку крымінальную справу, але мужчына дабіўся адмены судовых пастановаў. Цяпер пасадзіць могуць ілжэсведак і міліцыянта, які распачаў справу Чорная паласа ў жыцці заўхоза адной з бараўлянскіх фірмаў Леаніда Тарасенкі пачалася 23 снежня 2003 года. Вяртаючыся дадому з працы ў Бараўлянах на сваім “Фальксвагене”, ён патрапіў у сумную гісторыю.

Леанід Тарасенка: “Было 18.30 вечара, цёмна. Я выязджаю з двара фірмы, справага боку стаяў будынак, з якога нечакана выйшлі тры чалавекі. Я даў па тармазах, але цалкам не спыніўся. Двое з іх пайшлі далей, а трэцяму, відаць, не спадабалася, як я еду.  Ён разварочваецца, падскоквае і нагой б’е ў крыло машыны, пасля гэтага падае на бетонную дарогу. Пазней высветлілася, што вяртложная костка праламала яму дно таза. Я выскачыў з машыны, узяў яго за каўнер і крычу: “Што ты нарабіў?” Левай рукой, праўда, даў яму лёгкую аплявуху па шчацэ”.

У хуткім часе была распачатая крымінальная справа. Але не на грамадзяніна Анісковіча, які памяў “Фальксваген” Тарасенкі, а на …вадзіцеля, які нібыта да паўсмерці збіў Анісковіча. Займаліся расследаваннем следчы-міліцыянт з Бараўлянскага РУУС Рыбаключаў.
 
Леанід Тарасенка: “Праз два дні мне тэлефануе міліцыя, маўляў, ты збіў людзей, аддубасіў іх рукамі-нагамі, сеў і паехаў, разумееце? Высветлілася, што гэты ілжэпацярпелы Анісковіч — мясцовы, бараўлянскі. У яго былі сувязі, напрыклад, суддзя жыў на адной лесвічнай пляцоўцы з братам. Яны і вырашылі: “Што вы, мінскія, парадкі будзеце тут наводзіць? Мы вас правучым”.

Леанід Тарасенка да апошняга не верыў, што яго могуць асудзіць. Але праз чатыры з паловай месяцы, калі вынеслі прысуд, яго жыццё ператварылася ў суцэльную чорную паласу.

Леанід Тарасенка: “12 траўня 2004 года быў суд. Суддзя суда Мінскага раёна і горада Заслаўля, усміхаючыся, зачытвае: артыкул 339, хуліганства, — год турмы, артыкул 147 частка 2, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, — пяць гадоў турмы. У выніку далі пяць гадоў.  У зале суда надзелі кайданкі і павезлі на “валадарку”. Мая касацыйная скарга, як высветлілася потым, увогуле не разглядалася”.

Пасля шасці месяцаў адсідкі на “валадарцы” Леаніда Віктаравіча этапавалі ў так званую зону №10, што ў Наваполацку. Мужчына распачаў зацятую і гераічную барацьбу за сваю свабоду. Вось як гэта было.

Леанід Тарасенка пісаў скаргі ва ўсе магчымыя дзяржаўныя інстанцыі. І пасля 14 месяцаў “адсідкі” Вярхоўны суд прызнаў, што да паказанняў сведак суд Мінскага раёна паставіўся неаб’ектыўна. Справу накіравалі на новы разгляд. Калі ўсё ў тым жа судзе Мінскага раёна зразумелі, што Тарасенка пойдзе да канца, яго асудзілі па-мінімуму (нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці) і далі два гады папраўчых працаў.

Цяпер Леанід Віктаравіч быў на волі, але мог працаваць звычайным рабочым і 15 працэнтаў свайго заробку пералічваць дзяржаве. Мужчына і на гэтым не спыніўся. 

Леанід Тарасенка: “Я звяртаўся да старшыні Вярхоўнага суда Сукалы, генпракурора Васілевіча, быў у Адміністрацыі прэзідэнта, Палаце прадстаўнікоў нацыянальнага сходу. Я ўсё абышоў па пяць колаў. Пяць разоў быў толькі ў Сукалы. Да канца жыцця, пакуль не даб’юся свайго, буду змагацца, дабівацца справядлівасці”.



Урэшце судовая калегія па крымінальных справах Мінаблсуда адмяніла ўсе ранейшыя пастановы судоў, але зноў жа “за заканчэннем тэрмінаў даўнасці”. І нарэшце ў канцы 2008 года Вярхоўны суд цалкам апраўдаў Леаніда Тарасенку.

Выходзіць, у месцах пазбаўлення волі Леанід Віктаравіч утрымліваўся незаконна. Тарасенка пачаў “паляванне” на следчага, суддзяў і ілжэпацярпелага, якія сапсавалі яму жыццё.

Леанід Тарасенка: “У пракуратуру я падаў дакументы на іх (ілжэпацярпелага Анісковіча і дваіх яго ілжэсведак) за дачу загадзя хлуслівых паказанняў. Іх зараз дапытваюць, ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Пракуратура вырашае, ці распачынаць крымінальную справу супраць следчага Рыбаключава, які ўзбудзіў крымінальную справу. З ілжэпацярпелым следчы, як высветлілася, разам на танцы хадзіў, у школе з ім навучаўся”.

Суддзю мінскага райсуда, які вынес першы прысуд, звольнілі. Паралельна Леанід Тарасенка пачаў дабівацца фінансавай кампенсацыі за пакуты, якія прынесла гэта крымінальная справа. І ўжо атрымаў ад дзяржавы 21 мільён 900 тысяч беларускіх рублёў.

Леанід Тарасенка: “За тое, што я патраціў на судовыя выдаткі — гэта называецца бясспрэчным іскам — мне вярнулі 11 мільёнаў 900 тысяч рублёў адразу. Далей тое, што я згубіў маральна — здароўе, прыніжэнні, абразы і многае іншае. Палічыў усе дні і выставіў мінімальную суму — 200 мільёнаў рублёў. А яны мне даюць 10 мільёнаў”.

Новыя судовыя паседжанні, на якіх Леанід Віктаравіч будзе патрабаваць кампенсацыяў, ужо прызначаныя.

У пачатку 90-х вядомы адвакат Гары Паганяйла дабіўся першага прэцэдэнта кампенсацыі маральных пакутаў для грамадзян Беларусі, якіх незаконна ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. Адзін з пацярпелых памёр пасля звальнення з СІЗА, кампенсацыю за яго атрымала жонка.

Сёння юрыст расказвае Еўрарадыё, ці часта ў Беларусі здараюцца прэцэдэнты, падобныя на гісторыю Тарасенкі.

Гары Паганяйла: “Такія выпадкі ў Беларусі здараюцца надзвычай рэдка, але яны ёсць. Улады не хочуць вырашаць пытанні незаконных асуджэнняў такім чынам. Як правіла, вышукваецца хоць невялікая магчымасць асудзіць чалавека за нешта іншае, нават калі першапачатковае абвінавачванне не пацвярджаецца. Усё з-за таго, каб не было расходаў бюджэту. Іншая справа, што не ўсе грамадзяне ведаюць пра правілы кампенсацыі стратаў. Гэта часта абмяжоўваецца тым, што дзяржава дае ім нейкую капейку, і яны ад гэтага шчаслівыя”. 

Калі грамадзянін пасля асуджэння здолеў давесці сваю невіноўнасць, то ён мае права на наступныя кампенсацыі.

Гары Паганяйла: “Перш-наперш, яму павінна быць выплачана заработная плата, якую ён згубіў за час адсідкі, кампенсацыя за канфіскаваную маёмасць, за грошы, якія ён выплаціў нібыта пацярпелым. Таксама ён мае права атрымаць кампенсацыю маральных пакутаў. За ўсё гэта павінна расплачвацца беларуская казна — міністэрства фінансаў”.

Такім чынам, справядлівая кампенсацыя, якую па ідэі павінен атрымаць Леанід Тарасенка, можа быць куды большай за 200 мільёнаў беларускіх рублёў.

Фота "Рэспублікі" і 24.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі