Беларусь прынялі ў Балонскі працэс

На саміце міністраў вышэйшай адукацыі ў Ерэване Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, паведамляе Мінадукацыі. Гэта была другая спроба нашай краіны трапіць у прастору еўрапейскай вышэйшай адукацыі. Разбіраемся, што ж гэта такое і якія хібы і здабыткі нас чакаюць.

Балонскі працэс вачыма кіраўнікоў ВНУ: Каб не зламаць сваё ў гэтай мітусні

Балонскі працэс — гэта працэс стварэння адзінай прасторы вышэйшай адукацыі. На сёння ў яго уваходзіць ужо 48 краін разам з Беларуссю. Раней да гэтага працэсу далучыліся таксама Расія і Казахстан, які стаў першай сярэднеазіяцкай краінай у еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Асноўныя каштоўнасці, якія дэкларуе Балонскі працэс: акадэмічная аўтаномнасць і акадэмічныя свабоды, самакіраванне студэнтаў, свабода перамяшчэння.

Што зменіць Балонскі працэс для студэнтаў

Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі не дыктуе ўдзельнікам нейкія пэўныя правілы. Ёсць агульныя нормы, якія ў ідэале трэба выконваць. Усё залежыць ад таго, якія патрабаванні рэалізуюць беларускія чыноўнікі. У ідэале для студэнтаў будзе больш перспектыў: стажыроўкі ў іншых краінах Еўропы ў межах мабільнасці, дадатак да дыплома, які прызнаюць у ЕС. Гэта тое, што можа з’явіцца адразу. Але ўступленне можа прывесці і да адтоку кадраў, калі студэнты не захочуць вяртацца са стажыровак у еўрапейскіх ВНУ. Каб гэтага не адбылося, трэба сачыць за якасцю сваёй адукацыі.

У перспектыве студэнты пачнуць уплываць на рашэнні адміністрацыі ўніверсітэта, выносіць канкрэтныя прапановы. На сёння ж яны толькі арганізуюць святы ды засяляюць у інтэрнаты. А, напрыклад, у Нарвегіі студэнты гэтыя інтэрнаты будуюць і вылучаюць грошы на святы для замежных студэнтаў.

Якія змены чакаюць выкладчыкаў

Месца ў Балонскім працэсе падымае прэстыж адукацыі, што ў перспектыве можа прыцягнуць замежных студэнтаў не толькі з Кітая і Туркменістана. Гэта можа паўплываць на даходы ўніверсітэта і выкладчыкаў.

Выкладчыкаў скарачаць не будуць, такіх патрабаванняў няма ў Балонскім працэсе. Выкладчыкі змогуць больш ездзіць на стажыроўкі ў еўрапейскія ўніверсітэты, чытаць там лекцыі. Роўна як і еўрапейскія выкладчыкі могуць ездзіць да нас. Але ўступленне ў Балонскі працэс можа пацягнуць і адток кадраў, бо ў ідэале выкладчыкі змогуць працаваць у еўрапейскіх універсітэтах.

Балонскі працэс адразу не зменіць звыклую сістэму вышэйшай адукацыі. Усё залежыць ад гатоўнасці чыноўнікаў да рэформ, каб наблізіць нас да еўрапейскіх універсітэцкіх стандартаў. Напрыклад, наяўнае размеркаванне не зусім падпадае пад акадэмічныя свабоды, як і адлічэнні студэнтаў за грамадскую дзейнасць і праца выкладчыкаў па кантрактах. У 2012 годзе, напрыклад, Беларусь не ўзялі ў Балонскі працэс, бо не адпавядала базавым каштоўнасцям: акадэмічныя свабоды і студэнцкая аўтаномія. І з таго часу сур’ёзных рэформ Беларусь не праводзіла.

Фота: bk-brest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі