Беларускамоўны першы клас у Магілёве для аднаго чалавека, у Брэсце — для 30
Колькасць школьнікаў, якія атрымліваюць адукацыю на беларускай мове, з кожным годам скарачаецца. Для параўнання, у 2010\11 навучальным годзе на беларускай мове атрымлівалі адукацыю 19% (178400) вучняў, у мінулым — толькі 13,3% (128600). Напярэдадні пачатку заняткаў у школах Еўрарадыё даведваецца, як змянілася сітуацыя сёлета і з якімі праблемамі сутыкаюцца вучні беларускамоўных класаў.
“У нас у першым класе 24 вучні — поўны камплект, па максімуме, — кажуць у школе №60 Маскоўскага раёна сталіцы. — Беларускамоўныя класы прыярытэтныя, яны займаюцца толькі ў першую змену, у іх выкладаюць настаўнікі больш высокай катэгорыі, дзеці ў іх матываваныя, бацькі таксама, таму праблем з наборам у нас пакуль што, цьфу-цьфу-цьфу, няма. Для параўнання, у адным рускамоўным класе ў нас 19 чалавек, а ў іншым 21”.
Але не ўсе школы, якія заявілі пра стварэнне беларускамоўных класаў, здолелі назбіраць неабходную колькасць навучэнцаў. СШ №151 Фрунзенскага рёна сталіцы вымушаная адмовіцца ад гэтай ідэі.
“Увогуле, адкрыццё такога класа не ўваходзіла ў нашы планы, гэта быў указ зверху, — кажуць цяпер у школе. — Але людзей, якія б пажадалі аддаць туды дзяцей, няма, таму ў класе нуль чалавек. Былі двое дзяцей, якія жадалі, але мы іх перанакіравалі ў 4-ю гімназію”.
Па дадзеных Міністэрства адукацыі, сёлета толькі ў абласных цэнтрах Беларусі беларускамоўныя першыя класы мусілі адкрыцца ў больш чым 20 навучальных установах. Натуральна, што пераважная большасць з іх знаходзіцца ў Мінску, і збольшага пытанняў па наборы вучняў не мае. А вось у Гродне і Магілеве попыт на родную мову адпавядае прапанове.
“На беларускай мове пажадалі вучыцца 6 чалавек, — кажа намеснік дырэктара СШ№34 Гродна. — Але нам сказалі, што мы мусім ісці насустрач пажаданням бацькоў, таму, колькі было заяваў, столькі і будзе. У мінулыя гады былі класы, у якіх і два чалавекі навучаліся, таму шэсць чалавек, скажу я вам, гэта нават шмат”.
У сярэдняй школе №34 Магілёва нават не было заявак на першы клас, у другім класе цяпер вучацца тры чалавекі. Адзіная беларускамоўная ўстанова горада — СШ №1, але там сёлета адкрываюць першы клас толькі для аднаго вучня. То бок на ўвесь Магілёў толькі адзін чалавек будзе навучацца ў першым класе на роднай мове!
“У нас два першыя класы, і ў кожным класе плануецца па 30 чалавек, — здзіўляюць у Гімназіі №3 Брэста. — Але ў нас жа не проста беларускамоўныя класы, у нас гімназія з танцавальна-музычным ухілам. Атрымліваецца, што адзін клас, напрыклад, спявае, а іншы — танцуе”.
Раней Еўрарадыё распавядала пра бацькоў, якія не могуць знайсці дзіцячы садок з беларускамоўнай адукацыяй у Гомелі. Нягледзячы на гэта, у адзінай гімназіі ў горадзе, якая мае беларускамоўныя класы, пытанняў з наборам вучняў няма.
“На сёння ў нас 20 чалавек у першым класе, але нехта яшчэ разважае, нехта з бацькоў не здолеў патрапіць на сход, паабяцалі што прыедуць, падыдйуць, — кажуць у гімназіі №36 Гомеля. — Ідуць да нас у клас па ўласным жаданні, таму праблем няма. У цяперашнім другім класе ў нас навучаецца 26 дзяцей”.
Еўрарадыё пагутарыла з маці хлопца, які вучыцца ў сёмым класе школы №34 Гродна — тым самым, дзе толькі два навучэнцы. Вольга пераконвае, што такая амаль індывідуальная адукацыя праблем у стасунках з аднагодкамі не выклікае, няма ў хлопца і акцэнту, праўда, па-за школай ён больш карыстаецца рускай мовай, бо на ёй размаўляюць сябры.
“Бывае такое, што для іх няма кабінета, і яны ўрок праводзяць разам з рускамоўным класам, — кажа Вольга. — Пры гэтым у іх свой настаўнік, які ім дваім асобна нешта выкладае. Дык сын скардзіцца, што не можа ў такім класе займацца, бо шумна, ён да гэтага не прызвычаіўся. Маўляў, на перапынках можна пабегаць, падурэць, але навучацца лепей, калі мала вучняў. Кажа, што тады ўсё чуваць, ніхто не адрывае ўвагу ад настаўніка, усё роўна што з рэпетытарам займацца”.
Малодшая дачка Вольгі таксама ходзіць у беларускамоўны клас той жа школы, але ў яе тры аднакласнікі.
“Я прымала рашэнне аддаць дзяцей у беларускамоўны клас, бо паглядзела, што дзеці, якія цяпер вучацца, размаўляюць на беларускай нібы на кітайскай. Ім трэба ставіць гукі, яны не ўмеюць на ёй гаварыць. І што гэта атрымліваецца, што нам, хутчэй, кітайская ды англійская мовы патрэбны, а свая не!? Неяк вельмі крыўдна стала за мову. Але што будзе далей, не ведаю. Можа, мы не зусім правільна нешта робім, але робім, і нешта з гэтага атрымаецца”, — рэзюмуе Вольга.