“Беларусы сваімі сіламі заваявалі 7 медалёў, яшчэ 2 нам падараваў Юрый Чыж”

“Беларусы сваімі сіламі заваявалі 7 медалёў, яшчэ 2 нам падараваў Юрый Чыж”

Выступленне беларускіх спартсменаў на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра можна ацаніць на моцную чацвёрку, нягледзячы на тое, што ў скарбонцы нашай каманды ўсяго 9 медалёў. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказаў галоўны рэдактар спартовага праекта by.tribuna.com Алег Гаруновіч. Таксама ён падзяліўся думкамі наконт таго, хто на Гульнях яго здзівіў, а хто расчараваў, і ці варта запрашаць у беларускую зборную замежных спартсменаў.

Слухаць размову цалкам:

Асноўныя цытаты:

— Выступленне беларускіх алімпійцаў мне спадабалася, нягледзячы на тое, што медалёў мы заваявалі менш, чым раней. Я бы паставіў моцную чацвёрку, бліжэй да пяцёркі. І толькі нездаровыя амбіцыі асобных людзей могуць прывесці да таго, што Алімпіяда будзе расцэненая як правальная. У мінулыя гады ў нас заўсёды было 5-10 спартсменаў, на якіх мы маглі разлічваць у медальным плане. Маўляў, Цылінская паехала, яна 100% павінна прывезці медаль. У Рыа ў нас практычна не было такіх спартсменаў, мы заваявалі некаторыя медалі зусім з ніадкуль, што стала прыемным сюрпрызам.

— Хлопцы з Дагестана, якія выступаюць за Беларусь, — гэта ўвогуле хто? Груба кажучы, іх можна прыбраць з нашага медальнага заліку. Беларусы сваімі сіламі заваявалі 7 медалёў, яшчэ два медалі нам падараваў Юрый Чыж, які да таго, як сеў, прывёз з Дагестана парачку спартсменаў. Трэба разумець, што нам расіяне не аддаюць лепшых. Гэта, як правіла, спісаны тавар.

— Перамогі прывезеных спартсменаў заўсёды пакідаюць пэўны асадак і наўрад ці могуць радаваць у той меры, у якой нас радуюць перамогі беларускіх спартсменаў.

— На гэтай Алімпіядзе мяне засмуцілі адносіны Кірыенкі да спаборніцтваў, а таксама тое, што гімнасткі не атрымалі ніводнага медаля. З іншага боку — некалі ж і ў мастацкай гімнастыцы павінен быў здарыцца аблом.

“Беларусы сваімі сіламі заваявалі 7 медалёў, яшчэ 2 нам падараваў Юрый Чыж”

— Рыжанкоў — больш бойкі таварыш у параўнанні з некаторымі сваімі папярэднікамі, якія ў мінулыя гады шыфраваліся і іх функцыя была незразумелая. Ён ставіцца да справы са страсцю. Але мне цікава будзе паглядзець, ці не зменіць ён сваю пазіцыю пасля таго, як кіраўнік краіны дасць сваю ацэнку, ці зможа Рыжанкоў адстойваць сваю лінію перад кіраўніком краіны?

— Фішка Алімпіяды ў тым, што ў поле нашага зроку трапляюць віды спорту, якімі мы наогул не цікавімся. Па вялікім рахунку, мы не ведаем ні барцоў, ні цяжкаатлетаў, ні батутыстаў, ні гімнастак. Раз у чатыры гады мы пра іх узгадваем і са здзіўленнем даведваемся, што ў батута, аказваецца, вельмі насычанае жыццё.

— Я не магу сказаць, што на Алімпіядзе мы недзе ўпусцілі сваё і не ўзялі залаты медаль, які 100% быў наш.

— Гэтая Алімпіяда для нас пераходная. Ужо сыходзяць зоркі савецкага спорту, Ціхан, Самсонаў. Пры гэтым пачынаюць праяўляць сябе больш маладыя спартсмены — Ганчароў, Мамашук. І не проста новыя спартсмены, а новыя накірункі: жаночая барацьба, батут. Будзе цікава, наколькі мы зможам падтрымаць гэты пазітыўны трэнд на бліжэйшыя чатыры гады, або ў нас усё сальецца і наступная Алімпіяда зноў стане нейкім пошукам сябе ў спартовым свеце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі