Боты строчаць тысячы паведамленняў у дзень пра Беларусь, ЗША і COVID-19

Некаторыя боты пішуць у фэйсбук часцей, чым вы
Некаторыя боты пішуць у фэйсбук часцей, чым вы

Брытанская даследчая кампанія Comparitech выявіла бот-ферму на фэйсбуку. Спектр тэм, на якія выказваліся боты, ну вельмі шырокі: ад амерыканскіх выбараў і COVID-19 да пратэстаў у Беларусі. Так-так, хтосьці купляе ботаў для таго, каб уплываць на меркаванне карыстальнікаў ФБ пра беларускія пратэсты!

Бот-ферма размяшчалася на неабароненым серверы, і даследчыкам удалося, як яны пішуць, "зазірнуць пад капот". У распараджэнні ўладальнікаў фермы — амаль 14 тысяч фальшывых акаўнтаў. І кожны з гэтых акаўнтаў размяшчаў у сярэднім 15 паведамленняў у месяц.

Значная частка акаўнтаў зарэгістраваная на mail.ru.

 

Гэтыя боты пішуць на фэйсбук часцей, чым ты

Comparitech — тая самая кампанія, якая ў 2019 годзе паведаміла пра ўцечку звестак дзясяткаў мільёнаў карыстальнікаў фэйсбука. У яе брытанская прапіска. У студзені 2020 года — яшчэ да жорсткіх абмежаванняў, якія спадарожнічалі электаральнай кампаніі, Comparitech змясціла Беларусь у дзясятку краін з найбольш жорсткай цэнзурай у інтэрнэце. А цяпер вось знайшла ботаферму, якая спрабуе фармаваць беларускі навінавы парадак дня.

Боты строчат тысячи сообщений в день про Беларусь, США и COVID-19
Даследчыкам удалося "зазірнуць пад капот" ботафермы / pixabay

Усяго боты з выяўленай фермы выдаюць на фэйсбук больш за 200 тысяч паведамленняў у месяц. Каля паловы — на палітычную тэму. Яшчэ частка — гэта COVID-19 і апошнія навіны. Боты абмяркоўвалі — ці падштурхоўвалі да абмеркавання — самыя розныя тэмы, ад прэзідэнцкіх выбараў у ЗША да пажараў у Каліфорніі. І сярод усяго гэтага міжнароднага парадку дня — пратэсты ў Беларусі.

"Гэтыя боты выкарыстоўваюцца для палітычных маніпуляцый. Яны публікуюць правакацыйны палітычны кантэнт, які выклікае рознагалоссе", — піша рэдактар Comparitech Пол Бішаф.

 

Як сапраўдныя

Кожны ўліковы запіс на гэтай ботаферме на першы погляд выглядае як старонка рэальнага чалавека. Там ёсць і фота профілю, і спіс сяброў. Сярод сяброў бота, дарэчы, можа быць шмат ботаў. Што лагічна.

Боты строчат тысячи сообщений в день про Беларусь, США и COVID-19
Многія боты маюць адрасы, зарэгістраваныя на mail.ru

Фэйсбук пастаянна вычышчае ботаў, якіх здольны распазнаць. Але аўтаматызаваныя сістэмы могуць адсачыць толькі самых відавочных. Складаныя боты могуць так мімікраваць пад чалавека, што алгарытмы фэйсбука не заўважаюць розніцы.

І не заўважаюць падоўгу. Напрыклад, самы ранні допіс ботаў з рассакрэчанай фермы быў створаны ў кастрычніку 2020 года. Да траўня фэйсбук змог заблакаваць толькі кожны дзясяты з уліковых запісаў гэтай ботакаманды.

Боты ўмеюць самастойна адкрываць старонкі ў браўзеры, перамяшчацца па іх, пераходзіць па спасылках, публікаваць тэксты і відарысы, уступаць у суполкі. Яны могуць рабіць выгляд, што заходзяць у акаўнт праз розныя прылады. Можна нават прымусіць бота запаволіцца і не перамяшчацца па старонках хутчэй, чым гэта рабіў бы чалавек.

Боты строчат тысячи сообщений в день про Беларусь, США и COVID-19
Пандэмія, Трамп, Байдэн і пратэсты ў Беларусі — боты маюць меркаванне па кожным пытанні / pixabay

Каб павялічыць ахоп сваіх публікацый, боты далучаюцца да суполак у фэйсбуку, дзе іх паведамленні з вялікай імавернасцю ўбачаць і абмяркуюць рэальныя карыстальнікі.
 

Хто пабудаваў ботаферму?

Гэтага ў Comparitech не ведаюць. Але мы можам паразважаць, навошта гэта было зроблена. Такую ферму можна выкарыстоўваць ва ўласных мэтах або здаць у арэнду — таму, каму больш трэба.

Ботаў можна выкарыстоўваць, каб штучна раздзьмуць грамадскі рэзананс. Дзякуючы такім фермам можна зрабіць выгляд, што патрэбную тэму падтрымліваюць розныя ўдзельнікі супольнасці, ​а не толькі тыя, хто запусціў абмеркаванне. Ніколі не заўважалі, як нейкая гарачая тэма з'яўляецца ў суполцы, а каментуюць яе адны незнаёмыя вам карыстальнікі? Вось, гэта можа быць яно.

Гаворачы беларускай тэрміналогіяй даэлектаральнага перыяду, ботаферма — гэта такія "вялікая і малая каруселі", з дапамогай якіх можна пераканаць у дамінаванні пэўнага пункту гледжання. Але для гэтага людзі павінны думаць, што боты — таксама людзі.

"Майце на ўвазе, што робаты не заўсёды шкодныя. Яны могуць быць настроены для публікацыі бяспечнага кантэнту. Да тых часоў, пакуль адміністратар фермы ботаў не вырашыць выкарыстоўваць іх у якасці зброі для атакі", — рэзюмуюць аўтары артыкула.

Са свайго боку можам параіць не марнаваць сілы на спрэчкі ў каментарах, калі гаворка пра выбары ў ЗША, пратэсты ў Беларусі ці каранавірус. Прычым нават калі вы на 100% упэўненыя, што за аватаркай не бот.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі