Чаго не хапае на сайце "СтопCOVID" са статыстыкай па каранавірусе ў Беларусі
Маніторынг дадзеных па захворванні каранавірусам ў свеце / belta.by
Блытаная інфармацыя па каранавірусе ў Беларусі і зменлівыя фармулёўкі ў прэс-рэлізах Міністэрства аховы здароўя ставілі ў тупік не толькі журналістаў і даследчыкаў з Універсітэта Джона Хопкінса, якія збіраюць статыстыку па COVID-19 з усяго свету, але і многіх прадстаўнікоў улады. "У мяне нават была ініцыятыва: давайце зробім пасяджэнне без прэсы, каб дэпутаты ведалі праўду, але міністр сказаў, што хаваць няма чаго, што ўсё нармальна. Але я застаюся пры сваім меркаванні", — распавядаў у інтэрв'ю "Нашай Ніве" дэпутат і тэлевядучы Тэнгіз Думбадзэ. Яшчэ адзін медыйны дэпутат — Генадзь Давыдзька — прапанаваў стварыць адзіны партал, дзе б публікавалася ўся інфармацыя пра сітуацыю з каранавірусам у Беларусі. І, падобна, яго паслухалі.
Неўзабаве стала ясна, што дадзеныя "СтопCOVID" адстаюць ад інфармацыі, апублікаванай рэгіянальнымі санэпідслужбамі. Тады на сайт паставілі дату, на якую дадзеныя актуальныя.
Страты
10 красавіка з сайта прыбралі карту са статыстыкай па абласцях. Вінаватымі ў гэтым аказаліся журналісты, якія, па словах міністра Уладзіміра Караніка, сталі шукаць і пераследваць пацыентаў з пацверджаным каранавірусам супраць іх волі: "Баючыся агалоскі, людзі пачалі пазней да нас звяртацца з сімптомамі, пачалі хаваць свае кантакты, каб не стварыць праблем у публічнай плоскасці для іх".
12 красавіка з сайта знікаюць шпіталізаваныя. Замест іх з'яўляюцца зарэгістраваныя. Гэта звязана з тым, што Міністэрства аховы здароўя дазваляе выпісваць з бальніц у хатнюю самаізаляцыю пацыентаў з лёгкай формай каранавіруснай інфекцыі. У выніку мы не ведаем колькі людзей з каранавірусам застаецца ў бальніцах, затое ведаем агульную колькасць выяўленых выпадкаў. А Аляксандр Лукашэнка заяўляе: "У нас ужо больш вызвалілася ложкаў, чым мы шпіталізавалі людзей".
На сайт дадалі інфармацыю пра колькасць людзей, якія дыхаюць з дапамогай апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Карта не вярнулася.
15 красавіка знікае колькасць тых, хто паправіўся Робіцца неспакойна за іншыя дадзеныя.
17 красавіка знікае інфармацыя пра людзей на ШВЛ, але з'яўляюцца "ачунялыя і выпісаныя". Карта па-ранейшаму адсутнічае. Звесткі аб пацверджаных выпадках COVID-19 па абласцях і па некаторых раёнах міністр паведамляе на прэс-брыфінгу Міністэрства аховы здароўя.
І вось здавалася б, Беларусь — хваленая (чыноўнікамі) IT-краіна. У чым складанасць — зрабіць адэкватны сайт з аператыўным абнаўленнем? Не, мы зробім кадаўра з прэс-рэлізаў Міністэрства аховы здароўя і навін з сайта БЕЛТА, і будзем пастаянна перарабляць яго. А яшчэ вы заўважылі — на сайце "СтопCOVID" нельга паглядзець дадзеныя за папярэднія дні. Так што, калі вы іх нідзе не фіксавалі, — мае спачуванні.
А можна ж было паглядзець, як пытанне вырашалі іншыя краіны. Вось так, напрыклад, выглядае сайт, створаны сумесна Упраўленнем аховы здароўя і Дэпартаментам грамадзянскай абароны і ўпраўлення надзвычайнымі сітуацыямі Ісландыі. Вычарпальная інфармацыя па такіх важных паказчыках як ўзрост, пол і рэгіён. І не толькі.
Вось сайт з інфармацыяй па каранавірусе ад Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Тут яны зрабілі глабальную карту з распаўсюджваннем COVID-19 па ўсім свеце. Па Украіне даюць не толькі агульную інфармацыю, але і звесткі па абласцях.
Але вучыцца на чужым досведзе, падобна, не наш канёк.
Update: Падчас публікацыі гэтага тэксту падаспела статыстыка на 18 красавіка. І — пабам! — дадзеныя, якія паведамляюць БЕЛТА і Міністэрства аховы здароўя, зноў змяніліся. Зараз з афіцыйнай статыстыкі мы нават не можам зрабіць выснову пра агульную колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.