Чалы: Продаж “Белавіі” гэта вынік бруднай гульні Расіі

120425 ChalyS.mp3

Еўрарадыё: Як у кантэксце апошняга авіяцыйнага канфлікту паміж Беларуссю і Расіяй можна ўспрымаць намер “Аэрафлота” набыць “Белавію”?

Сяргей Чалы: Сітуацыя выглядае не надта прыгожа. Узнікаюць падазрэнні адносна намераў расійскага боку. Відаць, што цяпер выкарыстоўваюцца ўсялякія сродкі, гэтай палітыцы не перашкаджае ані наяўнасць Мытнага саюзу, ані Агульная эканамічная прастора. Апошняе нават дапамагае паглынаць панадныя кавалкі беларускай уласнасці. “Белавія” з вядомых прычын абслугоўвае няшмат маршрутаў, і расійскі рынак для яе вельмі важны. Відавочна, што тое, што мэтанакіравана рабіў расійскі бок, прывяло да зніжэння дзейнасці і капіталізацыі “Белавіі”. Пасля прагучала заява ўладаў, што “Белавія” ўключаная ў спіс прадпрыемстваў на прыватызацыю. Калі рынак для “Белавіі” звужаецца і пакупніком кампаніі з’яўляецца “Аэрафлот”, які і вёў з ёю гэтую вайну – гэта выглядае вельмі непрыгожа. Найерш гульня вялася на паніжэнне коштаў кампаніі, а потым у такой вымушанай сітуацыі “Аэрафлот” прапаноўвае купіць “Белавію”.

Еўрарадыё: Што паўплывала на тое, што Беларусь згубіла расійскі рынак? Якія механізмы былі задзейнічаныя? 

Сяргей Чалы: Фактычна, вялася гаворка аб роўным доступе да расійскіх рынкаў для “Белавіі” і беларускіх для “Аэрафлота”. Відавочна, што для “Белавіі” расійскі рынак важнейшы, чым для “Аэрафлота” беларускі. Таму відавочна, што кожныя такія спробы больш балюча білі па “Белавіі”, чым па “Аэрафлоце”. “Аэрафлот” мог сабе гэта дазволіць, а “Белавія” аказвалася ў няёмкім становішчы. Гаворка ішла не столькі аб роўнай колькасці палётаў паміж Мінскам і Масквой, а пра дазвол для “Белавіі” рабіць палёты ў іншыя рэгіёны. У найгоршым выпадку “Белавія” магла цалкам страціць расійскі рынак. 

Еўрарадыё: Чаму разглядаюцца прапановы толькі ад расійскіх інвестараў?

Сяргей Чалы: Каб знайсці інвестара, трэба шмат часу. Гэта доўгі і вельмі стратны працэс. На працягу года зрабіць гэта амаль нерэальна. А тут відавочна, што гэта тая прапанова, для якой дэталі працэдуры не надта важныя: Расія прыблізна ўяўляе сабе, што купляе. 

Еўрарадыё: А ці магчымыя падобныя аперацыі на зніжэнне коштаў прадпрыемства ў выпадку з іншымі прадпрыемствамі нашай краіны? 

Сяргей Чалы: Так, вядома. Гэта стандартны спосаб дзеяння Расіі, якая адначасова здзяйсняе “спрэчку гаспадарчых суб’ектаў”, як яны любяць казаць, і палітычны ціск. Калі вы ўзгадаеце малочную вайну, звязаную з тэхнічнымі рэгламентамі – яна праводзілася аналагічна. Тое самае – і з украінскім бокам. Расія хацела абмежаваць доступ малочным кампаніям на свой рынак. Гэта вельмі адмоўна ўплывала на іх прыбытковасць. Потым інвестар рабіў прапанову і атрымліваў меншы кошт, чым той, які мог быць. А потым абмежаванняў для інвестара рэалізоўваць прадукцыю ў Расіі не было, бо ён быў расійскі. Гэта стандартная схема. 

Еўрарадыё: Якія наступныя кампаніі могуць перажыць падобную да "Белавіі" сітуацыю?

Чалы: Цяжка сказаць, што тут яшчэ могуць прыдумаць, але я думаю, што наступная будзе нафтаперапрацоўка, бо ўжо пачынаюць казаць у расійскіх СМІ, што беларускі бок перанясе пераразмеркаванне пошлін на беларускія тавары вырабленыя з расійскай нафты. Такіх прадпрыемстваў, якія цікавыя Расіі, няшмат і нафтаперапрацоўка знаходзіцца ў спісах тых, на якія могуць прыдумаць падобныя спосабы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі