Чым адгукнецца канфлікт Мінтранса і міжгародніх маршрутчыкаў
Салігорскіх перавозчыкаў пазнаёмілі з дзяржаўным аператарам і растлумачылі новыя правілы працы. Сярод іх — максімум пяць прыпынкаў, уключаючы месцы выезду і прыбыцця, а таксама забарона запісу на рэйсы па тэлефоне і праз інтэрнэт. Таксама маршрутчыкам прапанавалі падпісаць дамову, якая заключаецца ўсяго толькі на тры месяцы. Затым будзе конкурс, пасля якога стане зразумела, хто застанецца працаваць, а хто папоўніць колькасць “дармаедаў”.
Алег Поімцаў каля 15 гадоў працаваў як іпэшнік. Год таму зарэгістраваў прыватнае прадпрыемства “Камфорт”. Яно аб'яднала 17 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ганялі з Салігорска ў Мінск кожную гадзіну, ад 6.00 да 20.00. Цяпер маршруткі прастойваюць.
Як рэагуюць на праблему перавозчыкі і пасажыры
Пасля таго, як кіроўцам забаранілі ажыццяўляць нерэгулярныя рэйсы, больш за 70 перавозчыкаў, якія ў асноўным, працавалі як ІП, спынілі сваю працу.
“Адразу знайшліся тыя, хто скарысталіся сітуацыяй, — кажа суразмоўца. — Нелегалы пад'язджаюць да вакзала, бачаць, што людзі мерзнуць, не ведаюць, як дабрацца, і прапануюць падвезці да Мінска за 20 рублёў! На легкавых машынах, уяўляеце? Хтосьці шукае спадарожнікаў загадзя праз інтэрнэт, нехта выходзіць на дарогу і спрабуе з'ехаць аўтаспынам”.
Алег Поімцаў пераймаецца, маўляў ўжо шмат гадоў працаваў па афіцыйна наладжанай сістэме, цяпер па старых правілах працаваць нельга, а новыя таксама яго не задавальняюць.
Як рэагуюць на сітуацыю гарадскія ўлады
Незадаволенасць жыхароў і колькасць нелегалаў насцярожыла чыноўнікаў.
“Баюся падставіць канкрэтнага чалавека, але нас прасілі выйсці на працу і вывезці людзей, — распавядае перавозчык. — Мы сказалі ў выканкаме, маўляў, дайце нам паперу, якая пацвярджае, што можна — мы паедзем. А так — не. З 26 лютага проста не маем права працаваць”.
Калі стала зразумела, што без дыялогу напружанасць у грамадстве будзе толькі ўзмацняцца, у горадзе адбылося пасяджэнне, у якім узялі ўдзел перавозчыкі, прадстаўнікі выканкама, начальнік падатковай інспекцыі па Салігорску і Салігорскім раёне, а таксама кіраўніцтва "МінАблПасажырТранс" — дзяржаўнае прадпрыемства, якое толькі-толькі атрымала ліцэнзію. Перавозчыкам яго прадставілі ў якасці аператара, з якім прапанавалі заключыць дамову на рэгулярныя перавозкі на тры месяцы. А яшчэ — нарэшце, ім патлумачылі правілы, па якіх зараз давядзецца працаваць.
Што не задавальняе ў новых правілах перавозчыкаў
Алег Поімцаў кажа, што ніхто з перавозчыкаў не супраць, напрыклад, паставіць новыя касавыя апараты, або, каб іх маршруты кантралявалі па спадарожнікавай сістэме. Незадаволенасць выклікаюць:
дамовы на тры месяцы — "потым будзе конкурс. Калі пасля яго з нас застанецца 15 адсоткаў, то гэта будзе добра”;
забарона на браніраванне рэйсаў па тэлефоне і праз інтэрнэт — “людзі прывыклі. Для іх шок. Яны пішуць, тэлефануюць, абураюцца. Замест зручнай старой схемы, ім прапануюць прыходзіць на вакзал ці сядаць і чакаць на прыпынках, дзе нам дазволяць спыняцца для пасадкі і высадкі”.
толькі пяць пунктаў прыпынку — “мы заўсёды спыняліся і падбіралі людзей. Чалавек быў упэўнены, што мы яго забярэм нават пасярод поля і ён з'едзе. Цяпер на маршруце "Салігорск – Мінск” (120 км) дазволена спыняцца не больш за пяць разоў, уключаючы пачатковы і канчатковы пункты. Выходзіць, што паміж гэтымі абавязковымі кропкамі — тры прыпынкі. Калі мы хочам у Мінску спыніцца яшчэ і на Інстытуце культуры, то ў Салігорску можна дадаць яшчэ дзве. Уяўляеце? Мы вяртаемся ў нулявыя!”
Па словах суразмоўцы, схемы маршрутаў будуць узгоднены, і любыя пазапланавыя прыпынкі будуць карацца высокімі штрафамі.
Што будзе, калі перавозчыкі не дамовяцца з Мінтрансам
“На дадзены момант мы спадзяемся, што кіраўніцтва перагледзіць змены ў заканадаўстве, якое датычыцца перавозак, і нам дадуць нармальна працаваць, — распавядае Алег Поімцаў. — Зараз мы гэтага не робім, паколькі не маем права”.
Нежаданне перавозчыкаў ісці да аператара перавозчык тлумачыць своеасаблівым пратэстам супраць працы на конкурснай аснове.
“80 адсоткаў людзей, якія працавалі добра, працу згубяць, — лічыць Поімцаў. — У нас заўсёды была свабодная канкурэнцыя. Мы дамагаемся, каб наш тып перавозак захавалі як сістэму, што ўжо склалася. Вы не падумайце, мы не сядзім на месцы, рыхтуемся, і спрабуем дагрукацца да прэзідэнта. Магчыма, ён нічога гэтага наогул не ведае”.
Дапусцім, што маршрутчыкі пойдуць насустрач аператару
Па словах Алега Поімцава, ніхто канкрэтна не сказаў, як хутка змогуць аднавіцца рэйсы. Прадпрыемства "МінАблПасажырТранс" атрымала ліцэнзію толькі на днях, да гэтага працаваць не мела права.
“Ім самім трэба будзе заключаць дамовы, узгадняць прапанаваныя намі прыпынкі (у Мінску мы акрамя чыгуначнага вакзала спыняцца нідзе не хочам, няма сэнсу). Гэта дастаткова доўга, каля месяца дакладна", — кажа суразмоўца, адзначаючы, што сам здаў бы неабходныя яму дакументы на працягу дня, але з аператарам працаваць пакуль не жадае.
Што будзе, калі перавозчыкі закрыюць свае ІП
Як уладальнік прыватнага прадпрыемства Алег Поімцаў абавязаны плаціць дзяржаве падатак з прыбытку. Калі яго няма, то і адлічэнняў у дзяржаўную скарбніцу таксама няма. А вось іпэшнікі павінны плаціць усё роўна і кожны месяц. Па Салігорску гэты падатак складае недзе 150 рублёў, у сельскай мясцовасці — крыху ніжэй. Калі ўявіць, што ў горадзе працуе каля 70 перавозчыкаў, нескладана палічыць, колькі страціць бюджэт, калі ўсе прыватнікі закрыюць свае ІП. Гэта не ўлічваючы выдаткаў на паліва, рамонт аўтамабіляў і іншых укладанняў у свой бізнес.