Ці могуць у краінах ЕС адабраць дзіця ў бацькоў-інвалідаў, як у Беларусі?

Выпадак, калі сацыяльныя органы вырашылі забраць нованароджанае дзіця ў жыхароў Івацэвічаў, Ганны і Анатоля Бахураў (бацькоў з абмежаванымі магчымасцямі), выклікаў вялікі рэзананс у грамадстве.

Ганна ад нараджэння мае анамалію канечнасцяў, а Анатоль — ДЦП. Дзіця ў гэтай сям’і было доўгачаканым, яно нарадзілася здаровым праз 8 гадоў пасля вяселля. На сёмы дзень пасля нараджэння маладым бацькам паказалі рашэнне, што яны не могуць выхоўваць дзіця праз іх інваліднасць. І мусяць адмовіцца ад яго на карысць апекуноў.

Такога закона няма

Увогуле, цікава тое, што закона, які б дазваляў забіраць дзяцей у людзей з інваліднасцю, у нашай краіне няма. У беларускім Кодэксе аб шлюбе і сям’і, ёсць артыкул 93 “Пакрыццё бацькамi выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні”, для якога Міністэрства аховы здароўя ў 2005 годзе стварыла адмысловую 25-ую пастанову са спісам захворванняў, пры якіх бацькі могуць не плаціць дзяржаве за ўтрыманне дзіця, калі тое было забранае з сям’і.

Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Вольга Трыпуцень кажа, што ўся гэтая сітуацыя адбылася з-за своеасаблівай трактоўкі гэтай 25-ай пастановы:

“Гэта можа быць і валакіта, і фармалізм. Такі вось фармальны падыход, які адбіваецца на жыцці сем’яў, — спрабуе растлумачыць дзеянні чыноўнікаў юрыст. — Пазіцыя нашай арганізацыі такая: нельга прыкладаць дыягназ да гэтага спіса і адбіраць дзіця. Трэба разумець, што гэтая пастанова ідзе ў раскрыццё 93-га артыкула Кодэкса аб шлюбе і сям’і”.

Юрыст кажа, што падобныя выпадкі здараліся і раней, але дакладную іх колькасць у арганізацыі не ведаюць. На шчасце Ганны і Анатоля Бахураў, шуміха, паднятая ў СМІ, выклікала ўвагу наверсе. Маладую маці наведала нават міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, якая заявіла, што нельга раздзяляць жанчыну з дзіцём.

Маладую маці наведала міністр Марыяна Шчоткіна

Літва: Спіса хваробаў “для адбірання” у нас няма

Юрыст аднаго з цэнтраў абароны правоў дзяцей Літвы распавядае Еўрарадыё, што наяўнасць хваробы не з’яўляецца падставай для таго, каб дзіця забралі. Але кожны выпадак вырашаецца асобна, і робіцца ўсё магчымае, каб дзіця засталося ў сям’і. Здзіўляе літоўскага юрыста і наяўнасць спіса хваробаў:

“У нас ёсць падобны спіс, які тычыцца людзей, якія збіраюцца ўсынаўляць дзіця. Але спіса хваробаў адмыслова для адбірання, такога мы не маем”.

Польшча: “У нас падобны выпадак амаль немагчымы”

Прадстаўніца польскага Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі кажа, што бацькі з інваліднасцю атрымліваюць шмат дапамогі ад мясцовых сацыяльных службаў. Забраць дзіця з сям’і можна толькі па рашэнні суда. І такая сітуацыя можа адбыцца ў самым крайнім выпадку.

“Перш за ўсё, сацыяльныя службы спрабуюць падтрымаць і дапамагчы такой сям’і. У Польшчы мы маем шмат інструментаў сацыяльнай падтрымкі: ад фінансавай дапамогі да дапамогі сацыяльнымі работнікамі-асістэнтамі. Тое, што адбылося ў вас, у нашай краіне амаль немагчыма. У Польшчы мы б выкарыстоўвалі ўсе магчымыя інструменты, каб пакінуць дзіця дома ў сям’і”, — тлумачыць прадстаўніца польскага міністэрства.

Гана Бахур і яе дзіцё

Вялікабрытанія: “Адабраць немаўля можа толькі суд”

Юрыст праваабарончага цэнтра для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў брытанскім Манчэстары кажа, што адабраць немаўля ў бацькоў з абмежаванымі магчымасцямі можа толькі суд. І спіса з хваробамі, па якім бацькі не могуць выконваць свае абавязкі, у брытанскім заканадаўстве не існуе.

“Забіраць дзіця ў людзей з абмежаванымі здольнасцям,і ці не, вырашае толькі суд. Кожная сітуацыя вырашаецца выключна ў індывідуальным парадку экспертамі розных ведамстваў з таго пункту гледжання, дзе дзіцяці будзе лепей. Да рашэння суда ніхто не можа забараніць бацькам знаходзіцца з дзіцём”, ― кажа праваабаронца.

Тым часам, рашэнне Івацэвіцкага райвыканкама аб тым, дзе будзе знаходзіцца дзіця, мусіць быць прынятае да 5 верасня. Гэты час Ганна з нованароджаным правядзе ў асобнай палаце пад наглядам медыцынскага персаналу.

Фота: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі