Цягнік Вільня — Мінск: кантроль у стылі аэрапорта і туалет-дзірка (фота)
Дабрацца новым цягніком з літоўскай сталіцы да беларускай каштуе столькі ж, колькі аўтамабілем. Праўда, дарога займае ўсяго 2,5 гадзіны.
“Людзі прыйшлі на пашпартны кантроль за дзве гадзіны да адпраўлення. І кожны справіўся хвілін за 20, — канстатуе шэра-бела-жоўтая правадніца цягніка Вільня — Мінск. — Цяпер вось сядзяць у вагонах, чакаюць”.
Мы ж прыехалі на віленскі вакзал за гадзіну да адпраўлення цягніка, і працэдура мытна-памежнага кантролю заняла ўсяго 12 хвілін.
Нечым яна нагадала аэрапорт. У секцыі CUSTOMS (мытня), збудаванай прама на вакзале, спачатку афармляюць TAX FREE і выбарачна правяраюць сумкі. Некаторых адводзяць убок на больш пільны дагляд, могуць і разуць для татальнай праверкі.
Далей становяцца чатыры чаргі на пашпартны кантроль. Дакументы трэба падаваць у спецыяльныя кабінкі. Выглядаюць яны акурат так жа, як у буйных міжнародных аэрапортах.
Пасля — выхад на платформу, спецыяльна агароджаную.
“Не фатаграфуйце тут, калі ласка, — ветліва звяртаецца да мяне памежнік у салатавай камізэльцы. — Рэжымная зона”.
Еўрарадыё: Дык агароджа не высокая, спрытны нелегал можа і пераскочыць…
Памежнік: “Таму нас тут і паставілі па перыметры платформы”.
Аглядаем цягнік новаўведзеных міжнародных ліній. Вагоны — былога карыстання, але ахайныя, расійскай вытворчасці, пафарбаваны ў шэра-жоўта-чорныя колеры. У самым танным класе людзі сядзяць па тры ў адзін шэраг. Другі клас вельмі нагадвае мяккія сядзенні ў агульных вагонах беларускіх электрычак. Праўда, сядзенні ўмантаваны выключна па ходзе руху. Месца шмат, сядзець зручна. Калі ты не баскетбаліст, то можна выпрастаць ногі.
“А ў першым класе ёсць тэлевізары і кандыцыянеры, якія, праўда, сёння не працуюць”, — рэкламуе правадніца опцыі “элітнага” вагона.
Увесь новы цягнік Вільня — Мінск напакаваны відэакамерамі: лепш не хуліганіць. На сем вагонаў прадугледжаны тры туалеты. Замест высокага ўнітаза, праўда, усталявалі нізкі, кшталту “дзюркі”. Каб справіць патрэбу, трэба станавіцца на "пастамент”. У туалеце не смярдзіць, тут не пашкадавалі вадкага мыла, але не было сурвэтак для выцірання рук. Пакой правадніка — цалкам празрысты, у стылі “акварыум”. Бачна ўсё начынне: паўлітровікі з мінералкай, печыва і сумкі.
Аб’явы робяцца толькі па-руску, хоць было б больш патрыятычна рабіць абвесткі па-беларуску. Не перашкодзіла б і ангельская мова, усё ж збіраемся развіваць турызм.
“Дарма так рана сунуліся на вакзал, маглі яшчэ гадзіну лёгка па “Акропалісе” пахадзіць, — абмяркоўвае свой першы досвед міжнародных ліній сямейная пара. — Вагоны ў прынцыпе нармальныя, сядзець свабодна”.
“У правадніц форма сапраўды класная, — усхваляе маладая беларусачка, якая ўладкавалася непадалёк ад сямейнай пары. — Вагон другога класу ў прынцыпе такі ж, як у звычайных беларускіх электрычках. Толькі дэкарацыі больш сучасныя і камер зашмат. Але калі гэта дзеля бяспекі, то нармальна”.
Беларускія памежнікі і мытнікі ўзялі кантроль над цягніком, як звычайна, у Гудагаі. І няспешліва, без фанатызму правяралі сумкі і дакументы. Наш шэра-жоўты вагон людзі ў пагонах пакінулі толькі ў Маладзечне.
Дарога ж з Вільні да Мінска заняла ўсяго дзве з паловай гадзіны.
Цягніковае ноў-хаў, натуральна, падняла кошты. Месца ў другім класе каштуе каля 165 тысяч рублёў. Каб пракаціцца ў самым крутым вагоне, рыхтуйце 250 тысяч. А самае таннае месца абыходзіцца ў 120 тысяч рублёў. Праўда, такі вагон — толькі адзін, і прабіцца ў яго няпроста.
Калі ж ехаць у другім класе, то квіткі на дваіх туды-назад абыдуцца прыкладна ў 76$. Калі ехаць у Вільню машынай (з сярэднім бензінавым рухавіком, які на 400 кіламетраў шляху з’есць 27$), сплаціць страхоўку (45$, яе можна выкарыстаць на дзве вандроўкі), то атрымаецца прыкладна 72. Тое на тое выходзіць. Што праўда, машынай на мяжы можна прастаяць і паўдня, а цягнік стабільна даязджае за 2,5 гадзіны.
Пад'ём на рэжымную платформу
Платформа агароджана спецыяльным плотам, каб у цягнік не прабраліся нелегалы
Самы "танны" вагон
Вагон другога класа
Самы дарагі вагон. Тут прадугледжаны кандыцыянеры і тэлевізары
Беларускія мытнікі працуюць так жа, як і раней, у вагонах
Такія камеры нашпігаваны па ўсім цягніку
На сем вагонаў — тры такія туалеты
Звычайны агульны вагон, на якім людзі ехалі з Мінска да Вільні яшчэ у суботу 25-га траўня.
Цягнік Pesa Bydgoszcz, які таксама будзе ездзіць па маршруце Вільня-Мінск. Квіток каштуе каля 17 долараў.