Дэкрэт “аб дармаедах” у пытаннях і адказах з форумаў і сацсетак

Пытанне: Ці можна пажыць на адкладзеныя падчас шматгадовай афіцыйнай працы грошы і не плаціць падатак за дармаедства, бо ўсе падаткі і так былі выплачаныя раней?

Адказ: Нельга. 20 базавых усё адно давядзецца заплаціць, калі вы збіраецеся сысці ў “творчы адпачынак” больш чым на 183 дні.

Пытанне: Ці трэба будзе плаціць падатак цяжарным жанчынам, калі да нараджэння дзіцяці больш чым 183 дні, а на працу “з жыватом” ужо нікуды не хочуць браць?

Адказ: Трэба. Вызваленне ад падатку за дармаедства пачынаецца толькі пасля нараджэння дзіцяці.

Пытанне: Што будзе, калі я адмоўлюся плаціць падатак?

Адказ: Вас прымусяць. Будзе суд, які альбо аштрафуе на 2-4 базавыя альбо дасць 15 сутак арышту, падчас якіх давядзецца выконваць “грамадска карысныя працы”. Пасля гэтага яшчэ трэба будзе выплаціць падатак. Калі гэтага не зробіце — вас аштрафуюць ізноў альбо ізноў пасадзяць “на суткі”. У дадатак памежнікі абяцаюць абмежаваць права на выезд за мяжу, а юрысты тлумачаць, што знайсці неплацельшчыкаў цяпер зусім не праблема.

Пытанне: Як будуць шукаць неплацельшчыкаў? Хто гэта будзе рабіць?

Адказ: Падатковая інспекцыя. МНС складзе агульны спіс усіх, хто павінен заплаціць так званы “збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў”. Туды трапяць усе, хто не працуе больш за 183 дні. Мясцовыя падатковыя інспекцыі будуць рассылаць запрашэнні да выплаты падатку. У выпадку нявыплаты яны ж будуць перадаваць звесткі аб неплацельшчыках у праваахоўныя органы.

Пытанне: Ці можна пазбегнуць выплаты падатку, працуючы неафіцыйна?

Адказ: Нельга. Нават калі вы маеце стабільны заробак, але ён не аформлены афіцыйна, паводле беларускага заканадаўства вы з’яўляецеся “сацыяльным утрыманцам” і павінныя раз на год плаціць 20 базавых. Гэта датычыць і гастарбайтараў, якія працуюць у Расіі. Вызваліць ад выплаты падатку на дармаедства ў Беларусі іх можа толькі афіцыйная праца па дамове. Калі неабходных дакументаў няма — вы павінныя заплаціць.

Пытанне: Ці мае значэнне, як я працую — на поўную стаўку альбо толькі на палову?

Адказ: Не мае, дастаткова мець афіцыйна аформленае месца працы. Няважна, на поўную стаўку альбо толькі часткова.

Пытанне: Калі нехта з маёй сям’і інвалід і я даглядаю яго, нідзе афіцыйна не працуючы, ці павінен я ў такім выпадку плаціць падатак за дармаедства?

Адказ: Вы не павінныя яго плаціць толькі ў тым выпадку, калі атрымліваеце дапамогу па даглядзе за інвалідам. Пакуль вы яго атрымліваеце — вы не лічыцеся дармаедам. Калі дапамогу вы не атрымліваеце — падатак трэба заплаціць.

Пытанне: Я нідзе не працую пастаянна, але часам маю афіцыйна аформленыя разавыя дамовы. Ці я павінен плаціць падатак за дармаедства?

Адказ: Яго не трэба плаціць у тым выпадку, калі за год вы такім чынам заробіце больш чым 70 базавых. Калі заробіце менш — давядзецца заплаціць падатак.

Пытанне: Я працую 180 дзён у год па 20 гадзін на суткі, атрымліваю вельмі добры заробак, плачу ўсе падаткі. Рэшту года я адпачываю, то бок больш чым 183 дні. Мне таксама трэба плаціць падатак?

Адказ: Так, вы абавязаныя заплаціць у тым выпадку, калі адпачываеце ад сваёй цяжкай працы ў Беларусі. Калі з’язджаеце на гэты час за мяжу — плаціць не трэба. Аднак вы павінныя пацвердзіць, што былі за мяжой.

Пытанне: Я маю заробак памерам 20 мільёнаў у месяц. Жонка не працуе, вядзе хатнюю гаспадарку. Нашаму сыну 15 гадоў. Майго заробку хапае ўсім. Ці павінная жонка плаціць падатак за дармаедства?

Адказ: Так, яна павінная заплаціць бо не працуе. Падаткі, выплачаныя мужам, не распаўсюджваюцца на жонку. Яна павінная ўдзельнічаць у “фінансаванні дзяржаўных выдаткаў” сама.

Пытанне: Калі я нідзе афіцыйна не працую, але набываю нерухомасць і машыны, то пасля выплаты падатку на дармаедства змагу больш не баяцца выклікаў у падатковую інспекцыю?

Адказ: Наадварот. Пасля таго як вы трапіце ў “базу дармаедаў”, падатковая згодна з Дэкрэтам павінная будзе больш пільна прасачыць крыніцу вашых прыбыткаў. Выплата падатку ад гэтага не ўратуе.

Пытанне: Што рабіць, калі я атрымаў “павестку” з падатковай аб выплаце падатку за дармаедства, але лічу, што плаціць не павінен?

Адказ: На працягу месяца трэба аднесці ў падатковую свае тлумачэнні і доказы таго, чаму вы не дармаед. Падаткавікі маюць 30 дзён на тое, каб альбо змяніць сваё рашэнне, альбо пацвердзіць яго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі