Дыянаў: Я не шкадую kyky.org. А не трэба пісаць такія матэрыялы

Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да сайта kyky.org. Паводле словаў дырэктара рэсурсу Дар’і Мацявінай, адбылося гэта з-за скаргаў у Міністэрства Інфармацыі “некаторых прарасійскіх чытачоў” на чале з Вячаславам Дыянавым.

“І не толькі я пісаў скаргу, я заклікаў пісаць і, наколькі ведаю, скаргу напісалі чалавек 10, — каментуе Вячаслаў Дыянаў, вядомы беларусам па арганізацыі “маўклівых акцый пратэсту ў Мінску”. — А не трэба пісаць такія матэрыялы. Ведаеце, свабода слова ў любым выпадку прадугледжвае пэўную адказнасць. А гэта было абліванне брудам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і г.д. Працяг вось гэтай цяганіны, што, маўляў, можа, лепей бы немцы перамаглі… Таму я не шкадую, што сайт закрылі”.

Матэрыял “Подзвіг аднаго — заўсёды злачынства іншага” фактычна з’яўляецца перадрукоўкай са старонкі Facebook Аляксандра Кныровіча. У ім агучваецца альтэрнатыўны погляд на перамогу ў Другой сусветнай вайне, аўтар выказваецца пра недарэчнасць правядзення ваенных парадаў. Скаргу спадар Дыянаў напісаў у дзень публікацыі матэрыялу — 9 траўня, а адказ атрымаў толькі 14 чэрвеня.

"Міністэрства інфармацыі прааналізавала публікацыю “Подзвіг аднаго — заўсёды злачынства іншага” і паведамляе, што цяпер разглядаецца пытанне пра ўжыванне мераў адказнасці да рэсурсу згодна з законам “Пра сродкі масавай інфармацыі”" — напісана ў адказе за подпісам першага намесніка міністра Ігара Луцкага.

Паводле нашага заканадаўства, з дапамогай скаргі заблакаваць можна і прыватную старонку ў сацыяльных сетках. Вячаслаў Дыянаў прызнаецца, што таксама пісаў скаргу на аўтара матэрыялу, але ў гэтым выпадку атрымаў адмоўны адказ.

“Па гэтым карыстальніку мне таксама далі адказ, — распавядае Вячаслаў. — Міліцыя не знайшла ў яго дзеяннях нічога супрацьпраўнага ды нейкіх парушэнняў законаў. Таму ладна, што ўжо тут! Калі не вінаваты, то няхай гэта будзе яго ўласным меркаваннем. Іншая справа, калі гэтае меркаванне транслюецца на ўсю краіну”.

Дыянаў лічыць сваю рэакцыю на матэрыял “даволі грамадзянскім падыходам”. Бо ён не хаваўся, а адкрыта заявіў пра сваю незадаволенасць і наступныя крокі з гэтай прычыны. Таму сваёй мэты ён дасягнуў і вынікам цалкам задаволены.

“Я ж не пішу ніякіх лістоў на тое ж “Радыё Свабода”. Я напісаў скаргу на тое, што мяне асабіста зачапіла. Таму гэта было не палітычнае дзеянне з майго боку, хутчэй, маральнае і этычнае, — дадае Вячаслаў. — І натуральна, калі будзе падобны матэрыял дзе-небудзь яшчэ, то я яшчэ раз зладжу такую ж акцыю!”

Нагадаем, Вячаслаў Дыянаў вядомы тым, што спрычыніўся да арганізацыі “маўклівых акцый пратэсту” ў Мінску ў 2011 годзе. Ужо тады ён жыў за мяжой і кіраваў працэсам праз сацыяльныя сеткі. Калі цікавасць да такіх пратэстаў знізілася, Дыянаў раптоўна змяніў свае палітычныя погляды і пачаў займаць агрэсіўна прарасійскую пазіцыю.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі