Дзіцячы трэнер: Каб выжыць, ахоўваю будынкі, важу вяселлі, капаю бульбу

Пасля змен у спартовым заканадаўстве на нізкую зарплату скардзяцца і спартсмены, і трэнеры.

З аднаго боку, закон накіраваны на стымуляванне. Маеш вынік ― атрымліваеш някепскія грошы. З іншага боку, ці можа дзіцячы спецыяліст, да якога прыйшло займацца шасцігадовае дзіця, таго выніку аператыўна дасягнуць?

Хакейны трэнер з Ліды Сяргей Кіслы здзіўляе сваёй зарплатай:

“За жнівень я атрымаў 2757000 рублёў. У мяне, вось, разлікоўка з сабой”.

Еўрарадыё: І ці шмат вам даводзіцца працаваць?

Сяргей Кіслы: “Штодня ― па дзве трэніроўкі. Каля гадзіны яны доўжацца на лёдзе. А потым ― зямля: расцяжка, фізпадрыхтоўка, дапрацоўка. Апроч гэтага вядзеш план-канспект, плануеш заняткі. Таксама рыхтуеш каманду да выездаў, замаўляеш харчаванне. Усё гэта трэнер робіць сумесна з метадыстам”.

Еўрарадыё: Як вы выжываеце на такую зарплату? Гэта менш за 300 долараў. Можа, праводзіце індывідуальныя трэніроўкі?

Сяргей Кіслы: “Праводжу, але бясплатна. Я не маю права браць грошы з бацькоў, гэта незаконна. Але, здаралася, бацькі мне прапаноўвалі ўначы будынак паахоўваць. Дзесьці можна вяселлі павазіць. Яшчэ ёсць дадатковы заробак падчас абслугоўвання хакейных матчаў ― брамкі штрафнікам адчыняць. За гэта таксама плацяцца судзейскія грошы. Неяк бульбу ездзіў капаць. Чалавек яе здаў, атрымаў грошы, трошкі заплаціў. Так і спрабуем выжываць”.

Найлепшы юніёрскі трэнер Беларусі мінулага году па барацьбе Аляксандр Яскулд прызнаецца, што спартовага заробку яму адназначна не хапае, і даводзіцца займацца справамі, далёкімі ад спорту.

Аляксандр Яскулд: “Наша праца трымаецца на фанатызме, бо хочацца нечага дасягнуць у жыцці. Плануем прабіцца на Алімпіяду. Я як трэнер там хачу даказаць, што ў мяне могуць быць добрыя вучні. Без ідэі працаваць  немагчыма. Маладых спецыялістаў заманіць на такую працу сёння складана, таму што каля 1 500 000 рублёў зарплата. А гэта, вы ведаеце, абсалютнае нішто”.

Еўрарадыё: А якая зарплата ў вас?

Аляксандр Яскулд: “У мяне атрымліваецца каля пяці мільёнаў. Улічваючы вышэйшую катэгорыю і павялічаную нагрузку. Дзякуючы добрым вынікам мне дазваляюць працаваць на 250%. Таксама трэнеру даводзіцца быць і мэнэджарам, і займацца даведкамі, і жыллё шукаць, і харчаванне спартсменам. Іначай нічога не атрымаецца”.

Адзін з дзіцячых футбольных трэнераў БАТЭ распавядае Еўрарадыё, што яго дабрабыт больш высокі, чым у калег па цэху з дзяржаўных спартыўных школ. Але раскрываць лічбы не стаў ― камерцыйная таямніца.

Дзіцячы трэнер БАТЭ: “У параўнанні са школьнымі настаўнікамі ў нас зарплата таксама больш высокая”.

Еўрарадыё: Зарплата сярэдняга працоўнага мінчука каля 640 долараў чыстымі. У вас больш ці менш?

Дзіцячы трэнер БАТЭ: “Атрымліваецца, што больш”.

Зарплата заслужанага лёгкаатлетычнага трэнера Віктара Ярашэвіча, верагодна, многіх здзівіць. На хвіліначку, гэта той самы брэсцкі спецыяліст, які прывёў да золата ў Афінах бягуху Юлію Несцярэнку. Тым самым спрычыніўся да адной з найвялікшых сенсацый у гісторыі беларускага спорту.

Я цяпер сышоў працаваць ва ўніверсітэт і 0,5 стаўкі засталося ў Школе вышэйшага спартыўнага майстэрства, бо вучаніца рыхтуецца да Алімпіяды ў Бразіліі. Атрымліваецца 1100000 рублёў, ― падлічвае Віктар Рыгоравіч. ― За Заслужанага трэнера нам нічога не дадаюць. Дадаткі ідуць толькі калі спартсмен, напрыклад, трапіў у васьмёрку на чэмпіянаце свету ці у шасцёрку на Еўропе, па-мойму. Хоць зарплата тым, хто заслужыў, павінна быць большай, мне здаецца. Ва ўніверсітэце я, як прафесар, кандыдат навук зарабляю 4000000 з капейкамі”.

Еўрарадыё: Што рухае спецыялістамі, якія пагаджаюцца працаваць на такія нізкія спартыўныя зарплаты?

Аляксандр Ярашэвіч: “Толькі голы энтузіязм. Нашы ветэраны, трэнеры перадпенсійнага ўзросту любімую справу кінуць не могуць. А маладых трэнераў практычна не з’яўляецца. Папрацуюць, і сыходзяць”.

Звяртаемся да беларускага трэнера па муай-тай Артура Смірнова. Ведаем, што тры гады таму ў Мінску ён зарабляў не больш за 250 долараў. З-за гэтага прыняў запрашэнне працаваць у Санкт-Пецярбургу.

Артур Смірноў: “Тут такі ж самы аб’ём працы, але трэнер у самыя горшыя летнія месяцы зарабляе 1500-2000 долараў. Але цяпер пачаўся сезон, і заробак такога трэнера, як я, даходзіць да 3000 долараў. З іх на арэнду залы і жыллё сыходзіць 1000. Вось і лічыце”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі