Фядыніч: Галодных бунтаў не чакаю, але супрацьстаянне можа быць ужо ў 2018 годзе
Больш за ўсё ў сферы занятасці людзі незадаволеныя адсутнасцю працы з годнай аплатай у рэгіёнах. Гэтую праблему найперш называюць 62% рэспандэнтаў, падчас сацыялагічнага апытання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта ў 2016 годзе.
“Значная колькасць рэспандэнтаў (у сярэднім па 45,5%) лічыла недастаткова эфектыўнымі меры па садзейнічанні занятасці моладзі і асоб, які ўпершыню шукаюць працу, а таксама па аказанні грамадзянам дапамогі па падборы працы. На нізкі памер дапамогі па беспрацоўі ўказваюць 24,5% апытаных”, ― гаворыцца ў бюлетэні ІАЦ.
Старшыня незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч упэўнены, што колькасць незадаволеных заробкамі ў рэгіёнах значна вышэйшая, чым падаюць афіцыйныя сацыёлагі ― звыш 80%.
“Тое, што людзі незадаволеныя памерамі сваіх заробкаў ва ўсіх рэгіёнах, безумоўна, гэта так. І такіх пераважная большасць. А што да моладзі, то яна з’язджала і будзе з’язджаць з Беларусі. Чаму? Моладзь, што заканчвае ПТВ, на які яны заробак прыходзяць? Сёння павінен рублёў 300 каштаваць першы разрад. Каб чалавек мог харчавацца, плаціць камуналку і развівацца далей. Калі мы гэтага не зробім, то моладзь на радзіме мы не ўтрымаем. Прынамсі, лепшых яе прадстаўнікоў”, ― кажа Генадзь Фядыніч.
На думку прафсаюзнага лідара, тыя “кірмашы вакансій”, якія для беспрацоўных праводзяць мясцовыя адміністрацыі, не здольныя задаволіць патрэбы беспрацоўных ні ў плане прапаноў працоўных месцаў, ні па ўзроўні заробкаў. А ўсё таму, што рэгіёны эканамічна не развіваюцца, і ўладам проста няма чаго людзям прапанаваць, сцвярджае Фядыніч.
Генадзь Фядыніч: “Выхад ― новыя тэхналогіі, раздзяржаўленне прадпрыемстваў. І гэта трэба пачынаць рабіць з малых прадпрыемстваў, дзе па 500-800 супрацоўнікаў ― не трэба гэтага баяцца. Тут, безумоўна, трэба, каб працавала грамадская камісія на чале з урадам, каб не атрымалася так, што аддалі абы-каму гэтае прадпрыемства, а заўтра яно зачынілася, і няма ніводнага працоўнага месца. Такога не павінна быць, але, калі мы пойдзем на гэтыя крокі, то не будзе будучага ― час гэта ўжо паказаў. Тое, што ў нас адбываецца сёння, гэта не тое што таптанне на месцы, гэта шмат крокаў назад”.
Сапраўды, нават з лічбаў, прыведзеных у бюлетэні ІАЦ, вынікае: “Толькі 4,5% апытаных лічаць, што значных праблем у сферы занятасці няма”. І калі не звяртаць увагі на праблемы ў сферы занятасці і колькасць незадаволеных гэтымі праблемамі, то гэта прывядзе спачатку да эканамічнага заняпаду краіны, а потым і сацыяльных праблем, кажа Фядыніч.
“Калі прыйдзе ў заняпад эканоміка, калі не будзе ў людзей грошай на прадукты, калі ў іх не будзе, чым плаціць за камуналку, то гэта ўжо будзе праблема дзяржавы, а не людзей. Галодных бунтаў не будзе, я іх не чакаю, але арганізаванае супрацьстаянне ўжо можа ў пэўным сэнсе быць і ў 2018 годзе”, ― папярэджвае прафсаюзны лідар.
Сітуацыю ў асобных галінах эканомікі яшчэ можна паспрабаваць выправіць, кажа Генадзь Фядыніч. Але для гэтага ўладзе неабходна прыслухацца да меркавання незалежных эканамістаў, экспертаў і грамадскасці. Вось толькі ўлада упарта не жадае гэтага рабіць, канстатуе Фядыніч.