“Гатэлі, якія будавалі да чэмпіянату, улетку запоўнілі на 20-40%”
Гасцініцы за 180 долараў на суткі гатовыя засяліць адразу 50 чалавек, а здымныя кватэры па 45 долараў — нарасхват “на сёння месцаў няма, на заўтра — не факт”.
“Сярэдні кошт без сняданка — 200 долараў, але на групу знікжі”, — абяцаюць у новым гатэлі Renaissance, куды Еўрарадыё спрабуе засяліць дэлегацыю з 50 чалавек. Месцаў у гасцініцы на 267 нумароў напрыканцы жніўня хапае.
Пяцізоркавы “Пекін” пасля чэмпіянату па хакеі скінуў кошты. Засяліцца ў стандартны нумар на акцыі можна было за 118 долараў. Але ў верасні цану зноў збіраюцца павышаць.
“Запаўняльнасць у першыя месцы працы была задавальняючая. Цяпер на верасень ужо ёсць ранняе браніраванне. У верасні пачынаецца добры сезон, з добрай загрузкай, тады мы павышаем кошты”, — расказваюць у гатэлі.
“Пекін” гатовы засяліць адразу 50 чалавек, але ў стандартныя нумары па 180 долараў толькі 10 чалавек, астатнія ў нумары даражэй — за 190 на суткі. Падчас хакейнага чэмпіянату сюды сялілі за 280 долараў на суткі.
У “Прэзідэнт-гатэлі” напаўняльнасць улетку да 40%. Кошты пасля чэмпіянату тут таксама ўпалі, на акцыі нумар на дваіх можна зняць за 198 долараў. У разгар чэмпіянату па хакеі нумар тут каштаваў ад 248 долараў.
“Bonhotel” на 3 зоркі мае ўлетку больш за 50% напаўняльнасці. Нумар на аднаго каштуе 69 еўра за суткі.
“Мы не задзіралі кошты, таму запаўняльнасць вышэйшая за сярэднюю ў нас больш за 50% напаўняльнасць, сёння каля 80%”, — апісваюць у адміністрацыі гатэля.
“Сёння ўсе кватэры здадзеныя, тэлефануйце заўтра. Кватэр ад 45 долараў за суткі, ёсць у любым раёне”, — адразу адказваюць, калі спрабуем зняць кватэру на суткі. Тут з напаўняльнасцю ўсё оk.
Але па наступнай абвестцы кватэру недалёка ад цэнтра на выходныя ўсё ж знаходзім, на пятніцу ўжо няма.
“Цяпер шмат людзей прыязджае, расіяне едуць у асноўным. Але на выхадныя будзе кватэра”, — тлумачыць гаспадыня.
Гатэлі завысілі кошты, але з кватэрамі іх параўноўваць нельга, кажа рэдактар газеты “Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік:
“Гатэль — гэта сервіс, кватэры ёсць па ўсім свеце. Яны не канкурэнты. Але наша бяда, што ў нас гэта змяшалася, чалавек хоча ехаць у гатэль, але калі бачыць кошты — здымае кватэру. Але раўняцца варта на суседнія краіны, з якімі можна канкурыраваць”, — тлумачыць Лілія Кобзік. Па яе звестках, новыя гатэлі ў Мінску засяляюцца ўлетку на 20-40% у залежнасці ад кошту.
“Гатэлі ў Мінску заселеныя ўлетку больш, чым на 50”, — агучваюць ва упраўленні спорту і турызму Мінгарвыканкама. Агулам да хакейных спаборніцтваў у Мінску планавалі збудаваць 14 новых гасцініц. Але пабудавалі не ўсе: “Кемпінскі” каля цырка так і не адкрыўся. Забраніраваць там нумар на сайце кампаніі нельга.
Фота: 21cbr.com